Пасол Германіі ў Беларусі пазітыўна ацаніў палітычны дыялог з Менскам



Беларуска-германскі дыялог развіваецца станоўча, заявіў 2 снежня ў Магілёве надзвычайны і паўнамоцны пасол ФРГ у Беларусі Петэр Дэтмар.

„За дванаццаць месяцаў мы маглі назіраць, што адбылося шмат сустрэч як на палітычным, так і на эканамічным узроўні. У цэлым можна сказаць, што назіраюцца вельмі станоўчыя тэндэнцыі”, — сказаў пасол Германіі ў каментарыі БелаПАН.

Аднак, паводле яго слоў, вынік, які б задавальняў абодва бакі, пакуль не дасягнуты. „Мы — як Федэратыўная Рэспубліка Германіі, так і ЕС — з цікавасцю назіраем, якія тэндэнцыі развіцця адзначаюцца [у Беларусі] ў такіх галінах, як правы чалавека, дэмакратызацыя, прававая дзяржава. І мы будзем далей абмяркоўваць і закранаць гэтыя тэмы”, — сказаў Петэр Дэтмар.

Ён не падзяляе папрокаў некаторых прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў тым, што ЕС апошнім часам нібыта стаў грэбаваць пытаннем правоў чалавека ў Беларусі, каб дагадзіць нейкім палітычным мэтам. „Я ведаю, што ёсць такі папрок, і я не падзяляю гэтага меркавання. Трэба сказаць, што без дыялогу нічога не атрымаецца”, — падкрэсліў пасол. Дыялог з урадам на тэму правоў чалавека, дэмакратызацыі, прававой дзяржавы меў і будзе мець велізарнае значэнне, дадаў ён.

„Нядаўна сумесна з Беларуссю мы прынялі праграму дзеянняў па правах чалавека і спадзяемся, што гэта праграма будзе рэалізоўвацца і прывядзе да пэўных поспехаў”, — сказаў дыпламат.

Што да эканамічных адносін, то ў апошнія два гады, паводле яго слоў, назіраецца спад тавараабароту паміж дзвюма краінамі. „На жаль, трэба канстатаваць той факт, што за апошнія два гады назіраецца зніжэнне тавараабароту — як экспарту, так і імпарту. Быў час, калі мы дасягнулі адзнакі ў чатыры мільярды долараў, але ў гэтым годзе мы ледзь перавысім два мільярды”, — адзначыў Дэтмар.

Для Германіі, сказаў ён, вельмі важна ведаць, якія эканамічныя ўмовы існуюць у Беларусі, ці ёсць тут станоўчыя змяненні. „Напрыклад, мы назіраем таксама за тым, як Беларусь зараз прыкладае намаганні для таго, каб заключыць пагадненне з Міжнародным валютным фондам”, — падкрэсліў кіраўнік нямецкай дыпмісіі.

belapan.by