Пасол Украіны: Мэты вучэнняў „Захад-2017” пакуль да канца не зразумелыя



„Любыя вучэнні могуць прывесці да любых наступстваў”, — заявіў БелаПАН пасол Украіны Ігар Кізім, адказваючы на пытанне, ці баіцца яго краіна правядзення беларуска-расейскіх ваенных вучэнняў „Захад-2017”.

Калі ў беларускага боку ёсць „стопрацэнтная ўпэўненасць” у бяспецы вучэнняў, якія маюць адбыцца, „тады так і будзе”. „Але казаць пра тое, што яны да канца празрыстыя, я пакуль не магу”, — дадаў пасол.

Правядзенне вучэнняў „Захад-2017” украінскі дыпламат назваў „чыста беларуска-расейскай працай”. Тое, што робяць краіны, — „гэта вашы планы, вы па іх працуеце”, сказаў ён.

„Ці ёсць у гэтым пагрозы для Беларусі, Украіны, заходніх краін? Пагрозы ёсць, яны розныя. Нікому не падабаецца, калі на тэрыторыі суседняй дзяржавы праводзяцца вучэнні, задума якіх незразумелая”, — заявіў Кізім.

„Як толькі задума стане зразумелай і на вучэнні будуць запрошаныя назіральнікі, тады і можна будзе казаць, што гэтыя вучэнні нікому не пагражаюць, — дадаў ён. — Але нават калі гэта будзе зроблена, усё роўна яны могуць пагражаць, бо магчымая любая нечаканая сітуацыя, справакаваная кімсьці. Усе народы і краіны аддаюць перавагу таму, каб вучэнні не праводзіліся”.

Украінскі дыпламат адзначыў, што любыя вучэнні з’яўляюцца „мабілізацыяй сіл і сродкаў”. „Куды яны будуць накіраваныя — гэта пытанне дэкларацыі, усякае можа здарыцца. Вучэнні праводзяцца з пункту гледжання падрыхтоўкі сіл бяспекі”, — сказаў Кізім.

„Калі вучэнні НАТА выразна зарыентаваныя на недапушчэнне захопу перашыйка краін Балтыкі і Калінінградскай вобласці, то мэты вучэнняў „Захад-2017″ пакуль да канца не зразумелыя. Кажуць, што гэта абарончыя вучэнні — тады скажыце, хто сабраўся нападаць”, — заявіў пасол.

Пры гэтым Ігар Кізім падкрэсліў: ён верыць словам Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што „пагрозы з паўночных межаў для Украіны няма і не можа быць”.

Беларуска-расейскія вучэнні „Захад-2017” пройдуць на тэрыторыі Беларусі і Расеі ў верасні. Тэмай вучэнняў названая падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы. Занепакоенасць з нагоды вучэнняў, якія маюць адбыцца, неаднаразова выказвалі заходнія палітыкі і прадстаўнікі суседніх з Беларуссю дзяржаў, у тым ліку Украіны. На іх думку, Расея можа выкарыстаць Беларусь як плацдарм для ўварвання на тэрыторыю сумежных краін. Аб безгрунтоўнасці такіх асцярог неаднаразова заяўляў Аляксандр Лукашэнка.