Пасольства ЗША: „Усебеларускі народны сход” не спрыяе вырашэнню палітычнага крызісу ў краіне



Усебеларускі народны сход не спрыяе вырашэнню палітычнага крызісу ў краіне, гаворыцца ў заяве пасольства ЗША ў Беларусі.

„11 лютага рэжым Лукашэнкі адкрыў „Усебеларускі народны сход”, які, як сцвярджаецца, уключае ў сябе дэлегатаў з усёй Беларусі для вызначэння прыярытэтаў развіцця краіны на найбліжэйшыя пяць гадоў і можа разгледзець магчымыя папраўкі да Канстытуцыі Беларусі, — адзначаецца ў заяве. — Аднак гэты „Усебеларускі народны сход” не з’яўляецца інклюзіўнай пляцоўкай, якая сапраўды прадстаўляе меркаванні беларускага грамадства, і таму ён не спрыяе вырашэнню бягучага палітычнага крызісу ў краіне”.

Пасольства ЗША адзначае, што беларускі ўрад „кінуў лідараў беларускага пратэсту, актывістаў і проста нязгодных у турмы — часта па сфабрыкаваных абвінавачваннях, — а іншых сілком выпхнуў з краіны”.

„Палітычныя зняволеныя, тыя, хто знаходзіцца ў выгнанні, а таксама каля 30.000 чалавек, якія прайшлі праз арышты са жніўня 2020 года, заслугоўваюць права голасу наконт будучыні сваёй краіны шляхам сапраўднага, інклюзіўнага дыялогу і праз свабодныя і сумленныя выбары”, — падкрэсліваецца ў заяве.

На думку пасольства ЗША, даклад у рамках Маскоўскага механізму АБСЕ падае „зразумелую і канкрэтную дарожную карту для шырокага ўдзелу ў палітычным працэсе”, а Злучаныя Штаты „заклікаюць рэжым прыняць прапанову старшынства АБСЕ аб спрыянні сапраўднаму, інклюзіўнаму нацыянальнаму дыялогу”.

„Прыняцце і выкананне рэкамендацый у рамках Маскоўскага механізму АБСЕ магло б дазволіць Беларусі стаць на шлях палітычнага прымірэння, стабільнасці і дэмакратычнага прагрэсу”, — адзначаецца ў заяве.

belapan.by

[manual_related_posts]