Патрыярх Кірыл наведае Беларусь
Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл 20-га чэрвеня плануе прыехаць у Беларусь. Як паведамляе сайт Беларускай праваслаўнай царквы, візіт звязаны з шэрагам мерапрыемстваў, такіх як святкаванне 1000-годдзя князя Уладзіміра – Хрысціцеля Русі ці святкаванне памяці Сабора Беларускіх святых.
«Візіт Патрыярха Кірыла ў Беларусь можа стаць чарговай нагодай для Рускай праваслаўнай царквы, каб выказаць сваё «супраць» магчымаму прыезду ў нашу краіну Папы Францішка», – мяркуе сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Павел Севярынец:
– Пытанне, чаму Папа Рымскі дагэтуль не прыязджаў у Беларусь, упіраецца ў тое, што катэгарычна супрацаць гэтага выступае кіраўніцтва РПЦ, якое лічыць Беларусь сваёй кананічнай тэрыторыяй. На маю думку, гэта памылковы і разбуральны погляд на рэчы. Але з гледзішча Рускай праваслаўнай царквы такі візіт быў бы непажаданым. Ён турбуе і Расею, і РПЦ.
Згодна з праграмай візіту, 20 чэрвеня прадстаяцель Рускай Царквы прыбудзе ў Менск. „У гэты дзень Свяцейшы Патрыярх Кірыл ушануе памяць загінулых герояў Вялікай Айчыннай вайны, усклаўшы вянок да абеліска на Плошчы Перамогі”, – праінфармавалі святары.
21 чэрвеня, у свята Сабора Беларускіх святых, Свяцейшы Уладыка “падзеліць радасць малітвы” з жыхарамі і гасцямі Берасця. 22 чэрвеня, у дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны, партрыярх Кірыл наведае Берасцейскую крэпасць і адслужыць літургію ў Нікольскім гарнізонным храме.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота novostimira.net