Паўлюк Быкоўскі: Гаворка пра захаванне статус-кво



Мы пабачылі выбар Аляксандра Лукашэнкі, ён задэклараваў, што плануе застацца пры ўладзе.

Кажа эксперт, аналізуючы выступ кіраўніка дзяржавы на так званым Усебеларускім народным сходзе. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі цяпер запрацавала „эфектыўная дыялогавая пляцоўка”, у тым ліку гэта тычыцца абмеркавання канстытуцыйнай рэформы. На рэферэндум гэта пытанне вынесуць на раней, як напачатку 2022-га года. І тады вырашыцца пытанне, калі Аляксандр Лукашэнка сыйдзе. Каментуе аналітык Паўлюк Быкоўскі:

– Фактычна гэты выбар не мае рэальных перспектыў у будучыні, гэта гаворка пра захаванне статус-кво, з даволі цьмянымі абяцаннямі калісьці пазней правесці канстытуцыйны рэферэндум па пераразмеркаванні паўнамоцтваў. Прычым насуперак таму, што нам расказвалі дзяржаўныя прапагандысты, са слоў Лукашэнкі вынікае, што падчас сацыялагічнага апытання людзі як раз патрабуюць, у большасці сваёй, пераразмеркавання паўнамоцтваў ад прэзідэнта да іншых органаў улады.

Размовы пра канстытуцыйныя змены вядуцца апошні год. Аляксандр Лукашэнка не аднойчы заяўляў, што свайму папярэдніку ён не можа пакінуць Канстытуцыю, дзе прэзідэнту надзецца так шмат паўнамоцтваў. Аналітыкі прагназуюць, што як мінімум да канца свайго чарговага тэрміна Аляксандр Лукашэнка плануе пратрымацца ва ўладзе.

Аляксандр Лукашэнка патрабуе гарантый і толькі тады ён гатовы пакінуць уладу. Такі асноўны вынік так званага усебеларускага народнага схода, які праходзіў два дні ў беларускай сталіцы. Тут Аляксандр Лукашэнка агучыў дзве ўмовы свайго сыходу. Галоўная – „у краіне павінны быць – мір, парадак, ніякіх пратэстных дзеянняў», — заявіў ён. У якасці другой умовы Лукашэнка назваў недатыкальнасць сваіх прыхільнікаў. Але як іх рэалізаваць? Палітычны аналітык Паўлюк Быкоўскі бачыць некалькі варыянтаў:

– Калі паглядзець умовы, якія паставіў Аляксандр Лукашэнка перад сваім сыходам ад улады. Тут узнікае пытанне ці гэтая гарантыя бяспекі будзе гарантавана Канстытуцыяй і мы ведаем, што такія прыклады ў свеце былі, але гэта не ёсць вечнай гарантыяй.

Такія гарантыі не магчыма забяспечыць Канстытуцыяй, кажа Паўлюк Быкоўскі, які з гісторыі прыгадвае кейс Піначэта ў Чылі, які зрабіў сябе пажыццёвым сенатарам, але пазней і над ім адбыўся суд. Іншыя палітычныя сілы таксама могуць гэтыя гарантыі забяспечыць, працягвае Паўлюк Быкоўскі:

– Або гэта гарантыі, якія быццам бы нехта дасць з пасярэднікаў, але гэта невядома хто можа быць. Або гэта будуць гарантыі, якія дасць перамоўны працэс са сваімі палітычнымі апанентамі. Аляксандр Лукашэнка кажа, што ва ўпор не бачыць апанетаў, яны не апаненты. Падаецца адыходам ад спробы вырашыць палітычны крызіс, таму хутчэй за ўсё, як і тайная інаўгурацыя, прынамсі станоўча не паўплывае на вырашэнне крызісу.

Абяцанні Аляксандра Лукашэнкі пра канстытуцыйную рэформу не аднойчы гучалі, маўляў, ён не можа свайму папярэдніку пакінуць Канстытуцыя, якая прэзыдэнта надзяляе шматлікімі паўнамоцтвамі. Як і раней прагназавалі эксперты, канстытуцыйная рэформа можа расцягнуцца на некалькі гадоў, да канца чарговага тэрміна кіраўніка Беларусі, выбары якога не прызнаныя ў свеце.

Беларускае Радыё Рацыя