Павал Усаў: Фармаванне «новай імперыі» можа адбыцца за некалькі гадоў



«Думаем, прыйшоў час пагаварыць пра фармаванне валютнага саюзу», – заявіў Уладзімір Пуцін пасля трохбаковай сустрэчы кіраўнікоў Еўразійскага саюзу ў Астане. Паводле расейскага кіраўніка, гэтым самым будзе прасцей абараняць супольны рынак і змагацца з негатыўнымі наступствамі крызісу.

«Валютны саюз – гэта абсалютна палітычны рычаг ціску на суседнія дзяржавы і пачатак адраджэння Савецкага Саюзу», – мяркуе палітычны эксперт Павал Усаў.

Таму, як толькі ўдасца праціснуць валюту, таксама пачнецца працэс увядзення агульных палітычных інстытутаў, адзінага войска. На працягу аднаго-двух гадоў, калі не здарыцца нечага нечаканага, напрыклад, не абваліцца цалкм расейская гаспадарка, фармаванне новай імперыі на працягу некалькі гадоў закончыцца.

Больш за дзесяць гадоў таму інтэграцыйны праект Саюзу Расеі і Беларусі фактычна замарозіўся пасля спрэчак Менску і Масквы наконт прынцыпаў адзінай валюты. Менск напалягаў на некалькіх эмісійных цэнтрах, Масква выказвалася выключна за адзін цэнтр у Маскве.

* * *

У Астане прайшло паседжанне вышэйшага савету Еўразійскага саюзу. Кіраўнікі Беларусі, Казахстану і Расеі абмяркоўвалі сацыяльна-эканамічныя аспекты дзейнасці саюзу. Сама сустрэча не была працяглай.

Па яе выніках кіраўнік Казахстану паведаміў, што для удзельнікаў інтэграцыйнага праекту важна выпрацаваць супольныя падыходы ў пераадоленні крызісу, Уладзімір Пуцін адзначыў, што прыйшоў час гаварыць пра адзіную валюту.

Сама сустрэча насіла хутчэй тэхнічны характар, і не мела для Беларусі нейкіх негатыўных наступстваў мяркуе палітычны эксперт Павал Усаў:

 – Для Лукашэнкі важна, што не адбылося ніякага прыхаванага ціску на пазіцыю Беларусі адносна Украіны і адносна таго, што адбываецца палітычнае збліжэнне з Захадам. Але, з  іншага боку, Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што галоўным прыярытэтам для яго з’яўляецца інтэграцыя з Расеяй, і рабіць крокі, якія маглі бы абмежаваць гэты працэс, ён не збіраецца.

Адной з тэмаў сустрэчы былі падзеі ва Ўкраіне, паводле кіраўніка Казахстану урэгуляванне сітуацыі мае адбывацца выключна дыпламатычным шляхам. Наступная сустрэча ў фармаце Еўразійскага саюзу пройдзе 8 траўня ў Маскве.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя

 

[manual_related_posts]