Павел Коваль пра закон аб ІПН: “Не бачу добрых вынікаў”



Прэзідэнт Анджэй Дуда вырашыў падпісаць змены ў Закон пра Інстытут Нацыянальнай Памяці. Адпаведна новым зменам, за прыпісванне польскаму народу адказнасці за злачынствы нямецкіх нацыстаў, а таксама за запярэчванне злачынстваў украінскіх нацыяналістаў польская дзяржава зможа пакараць грамадзяніна любой краіны свету. Максімальнае пакаранне – тры гады зняволення.

Тым не менш, згодна з рашэннем прэзідэнта, Канстытуцыйны Трыбунал яшчэ праверыць падпісаны закон на адпаведнасць прынцыпу свабоды слова.

Закон ужо выклікаў пратэст Ізраіля і Украіны. ЗША выразілі сваю незапакоенасць.

Змена закона пра Інстытут Нацыянальнай Памяці не палепшыць іміджу палякаў у свеце, пераканы былы намеснік міністра замежных спраў Польшчы (2006-2007) Павел Коваль. На думку былога дыпламата, бараніць добрае імя краіны і памяць пра ахвяры Другой сусветнай вайны можна лепшым спосабам, не канфліктуючы з Украінай і Ізраілем:

Павел Коваль: Я лічу, што грамадзянам Польшчы трэба было сумленна сказаць, што гэтая пастанова нічога сама па сабе не зменіць, і што лепей было б знайсці такое рашэнне, якое добра прынялі б у замежжы, а не будаваць іміджу краіны, якая распачынае «вайну» з-за гісторыі. Лічу, што няма ніякай супярэчнасці між аховай добрага імя Польшчы, уласцівай падачай падзеяў ІІ Сусветнай вайны і добрымі адносінамі з Ізраілем, Украінай, ЗША і рэштай свету.

РР: Шматлікія эксперты кажуць, што ў Ізраілі гэтая спрэчка стала элементам унутранай палітыкі. Што там палітычныя дзеячы таксама спрачаюцца між сабой, спекулюючы на памяці.

Павел Коваль: Тут няма розніцы. Калі б не гэты канфлікт, то можна было б сказаць, што кіраўніцтва «Лікуду» (партыя прэм’ера Ізраіля Бэньяміна Нэтаньягу – БРР) і «Права і Справядлівасці» могуць падаць сабе рукі і сказаць, што яны з’яўляюцца дзвюма паловамі таго самага яблыка. Механізм такі самы – як у Ізраілі, гэтак і ў Польшчы. Правая бальшыня змагаецца з тым, каб не паўстала больш скрайняя партыя. У выпадку «Лікуду» гаворка ідзе пра тое, каб не ўзраслі іншыя партыя правіцы, «Права і Справядлівасць» дбае, каб забраць галасы ў нацыяналістаў.

РР: Але чаму менавіта цяпер кіроўная партыя вырашыла прыняць гэтую пастанову?

Павел Коваль: Кіроўная партыя хацела прыкрыць падзеі двухтыднёвай даўніны, калі на адным з польскіх тэлеканалаў быў паказаны рэпартаж пра польскіх неафашыстаў. З’явіліся закіды, што «Права і Справядлівасць» не рэагуе ў дастатковай меры, чым знішчае меркаванне пра Польшчу ў свеце. І вось яны вырашылі прыняць пастанову, якая даказвала б, што яны дбаюць пра добрае імя Польшчы.

РР: У Беларусі ўвогуле не існуе такога паняцця як «польскі канцлагер» у дачыненні, напрыклад, да Аўшвіц-Біркенаў. Напэўна, усе ведаюць, што яго арганізавалі немцы, якія масава забівалі там людзей. Няўжо гэта такая вострая праблема на міжнародным плане? Няўжо гэтае паняцце так часта ўжываюць?

Павел Коваль: Гэтае паняцце ўжываецца не так часта, як цяпер кажуць. Вядома, важную ролю адыграе інфармацыйная палітыка ўрада. Урад хоча прадставіць сітуацыю такім чынам, што вось яшчэ тыдзень – і перастануць. Вядома, гэта не так. У бальшыні сваёй адукаваныя людзі, палітыкі ў Ізраілі, Злучаных Штатах, Нямеччыне, на Захадзе не ўжываюць такіх слоў. Яны дасканала ведаюць, хто распачаў ІІ Сусветную вайну, хто яе вёў і як гэта выглядала на польскіх землях.

РР: Прэзідэнт Анджэй Дуда падчас свайго выступу, у якім заявіў, што падпісвае змены ў закон, вельмі шмат прысвяціў увагі ўласна памяці пра Халакост, памяці пра пакуты габрэяў і палякаў падчас ІІ Сусветнай вайны, тым самым лагодзячы ізраільскі пратэст. З іншага ж боку, пратэставаў не толькі Ізраіль, але і Украіна, якая таксама не згаджаецца з пэўнымі пунктамі закона. Але Украіну прэзідэнт Польшчы не ўзгадаў. Ці гэта сведчыць пра тое, што дачыненні з Кіевам больш не з’яўляюцца для Польшчы прыярытэтнымі?

Павел Коваль: Сапраўды, у сувязі міжнародным меркаваннем Халакост куды больш зразумелая для свету тэма, чым польска-ўкраінскія дачыненні. Ужо тыдзень бачна, што менавіта аспект адносінаў з габрэйскімі супольнасцямі і Ізраілем з’яўляецца найвастрэйшым, найбольш людзей займаецца ім. І вакол гэтага сканцэнтраваўся Анджэй Дуда.

РР: Вы кажаце, што ўсё гэта пачалося пасля трансляцыі фільма пра нацыстаў у Польшчы. То бок усё гэта зводзіцца да пабудовы рэйтынгу партыі «Права і Справядлівасць»?

Павел Коваль: На сёння гэта відавочная палітычная лінія «Права і Справядлівасці», але таксама шмат якіх правых партыяў, якія шукаюць папулістычных галасоў. Не магу сказаць, што ўся «Права і Справядлівасць» з’яўляецца папулістычнай партыяй, але і яна шукае гэтыя галасы. І адным з элементаў пабудовы гэтага папулістычнага наратыву з’яўляецца прадстаўленне грамадскай думцы аблічча беззаганных народаў, у якіх няма грахоў.

РР: Усё ж такі «Права і Справядлівасць» асацыюецца з візіяй незалежнасці, сярод іншага ад Масквы, добрых адносінаў з усходнімі суседзямі, пабудовы Міжмор’я… Але такія пастановы ўносяць разлад у міжнародныя стасункі. Ці не можна было б гэта больш дыпламатычна вырашыць?

Павел Коваль: Напэўна былі іншыя спосабы. Я не падтрымліваю гэтых зменаў у законе. Разумею, што нехта меў добрыя інтэнцыі, але ў палітыцы трэба таксама ацэньваць вынікі. А яны былі ў бальшыні негатыўныя. Я не бачу ніякіх пазітыўных вынікаў для Польшчы.

РР: На Вашу думку, ёсць яшчэ шанец залагодзіць гэтыя адносіны і Ізраілем, і з Украінай? І што для гэтага трэба зрабіць?

Павел Коваль: Пасля падпісання сапраўды залагодзіць будзе складаней. Лічу, што маюць паўстаць супольныя гістарычныя камісіі. У выпадку Украіны супольная камісія нават павінна стаць сталай інстытуцыяй. У гульню павінны ўключыцца асобы, якія маюць дыпламатычныя таленты, якія могуць трошкі паменшыць канфлікт. Але для гэтага трэба, каб гэтага хацелі абодва бакі. Ёсць адчуванне, што ані ў Польшчы, ані ў Ізраілі ніхто гэтага не хоча, бо ўрады намагаюцца выкарыстоўваць канфлікт для ўнутраных мэтаў.

Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава

[manual_related_posts]