Павел Латушка: Ідзе знішчэнне беларускай культуры



З’явіўся спіс 33-х найбольш вядомых айчынных пісьменнікаў, кнігі якіх збіраюцца прыбраць з карыстання ў школах. Пра адметнасці цэнзуры ў Беларусі размаўляем з кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам.

Павел  Латушка: На жаль, мы ўжо неяк прызвычаіліся да такой інфармацыі. Але пагаджацца з гэтым нельга, бо калі забараняюць пісьменнікаў, то што можа стаць наступным крокам? Фактычна ідзе знішчэнне беларускай культуры. Гэта ўсё ідзе ў кірунку стварэння “рускага свету” ў Беларусі. На жаль, гэта разуменне магчымасці прысутнасці толькі адной культуры – культуры іншага народу, іншай нацыі. І гэта прывядзе да жахлівых наступстваў. Бо калі адбудзецца ментальная змена беларусаў, то наступнае, што адбудзецца, гэта будзе анексія Беларусі ў склад Расейскай імперыі, якую зараз хоча аднавіць Пуцін і яго ўлада.

Гэта сапраўды выбітныя прадстаўнікі беларускага літаратурнага слова, беларускай культуры, нашай Бацькаўшчыны. І пазбаўленне права ведаць пра іх, вучыцца тым думкам, якія яны прадстаўляюць у сваіх творах, прывядзе да інтэлектуальнага збяднення беларускай нацыі. А значыцца і будучыні Беларусі.

РР: Гэта своеасаблівая падрыхтоўка да “рускага свету”?

Павел Латушка: Давайце не будзем мець ніякіх ілюзій. Бо фактычна ўсё, што адбываецца зараз у нашай краіне, укладваецца ў сцэнар рознанакірункавых крокаў, скіраваных на тое, каб вынішчыць беларускую свядомасць з галоў беларусаў. Мы бачым, што адбываецца з тэатральнымі, музейнымі ўстановамі, колькі звольнена дзеячаў культуры і мастацтва, колькі знаходзіцца за кратамі. 80 дзеячоў беларускай культуры з’яўляюцца палітвязнямі. Больш за паўтары тысячы трапіла пад рэпрэсіі.

Фактычна мне прыйшла думка, што паўтараюцца Курапаты. „Ноч Паэтаў”, калі рэжым Сталіна расстраляў паэтаў за тое, што яны прадстаўлялі беларускую нацыянальную культуру. То сёння гэта адбываецца іншым шляхам. Выкідваюцца свядомыя людзі, яскравыя постаці па-за межы Беларусі, альбо іх садзяць у турму. Гэта другія беларускія Курапаты. Мы знаходзімся ў жахлівых часах.  

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]