Павел Латушка: Мы будзем працягваць змаганне



Чарговыя абвінавачанні супраць лідараў беларускага пратэсту Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Паводле Следчага камітэту Беларусі, новую крымінальную справу распачалі за тое, што Святлана Ціханоўская і Павел Латушка «стварылі псеўдаорганы дзяржаўнай улады і ўпраўленняў і прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь за мяжой і, працягваючы свае злачынныя дзеянні, уступілі ў перамовы з прадстаўнікамі замежных дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў».

А гэта ўжо пятая крымінальная справа, прыгадаў у нашым эфіры кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка і пажартаваў – вось так у Беларусі былы міністр культуры стаў «крыміналітэтам». Паводле палітыка – гэта фактар ціску:

– Ён накіраваны на тое, каб дэматываваць нас у нашай палітычнай дзейнасці. Але гэта ні ў якім разе не ўплывае ні на дзейнасць маю, ні, перакананы, на дзейнасць Святланы Ціханоўскай. Мы будзем працягваць сваю барацьбу, бо мы вядзем барацьбу за дабро. Першае ўражанне было такое, што нібы ў Следчым камітэце працуюць прыхільнікі дэмакратычных сілаў Беларусі. Бо фактычна гэта прызнанне, прызнанне двух інстытутаў – Офіса Святланы Ціханоўскай і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, якія цягам ужо года даволі актыўна камунікуюць, сустракаюцца з прадстаўнікамі розных дзяржаў: прэзідэнтамі, прэм’ер-міністрамі, парламентамі, у Брусэлі – са структурамі ЕЗ. Гэтае прызнанне наступіла. Дарэчы, усе аналітыкі пра гэта пішуць, фактычна гэта дапамога для дэмакратычных сілаў Беларусі. Значыць трэба ставіць пытанне абсалютна прынцыпова, што мы прадстаўляем сёння ўладныя структуры ў нейкім сэнсе. Бо перадусім народ вырашае, хто павінен кіраваць у дзяржаве. Народ вырашыў, народ прагаласаваў 9 жніўня.

РР: А гэта не помста за прававую канферэнцыю ў Нюрнбергу?

Павел Латушка: Ну, ведаеце, калі ён мне сказаў, што задушыць мяне ўласнымі рукамі, калі я яму здраджу, калі былі распачатыя крымінальныя справы яшчэ ў першы дзень дзейнасці Каардынацыйнай рады, а пазней адна за адной сыпаліся крымінальныя справы – гэта чарада падзей і закідаў, якія ставіць улада. Зразумела, што ўсе гэтыя справы – вынік актыўнай дзейнасці. У тым ліку і канферэнцыя ў Нюрнбергу, якая паказвае шлях да будучыні самому Лукашэнку, што ён з’яўляецца злачынцам з пункту гледжання міжнароднага права. Ён даваў загады забіваць людзей яшчэ з 90-х гадоў. Ён рабіў гэта ў мінулым годзе. Ён робіць гэта зараз. Ён арганізаваў акт тэрору з захопам самалёту, зараз гібрыдная вайна з Еўразвязам – гэта ўсё факты злачынстваў, якія павінны атрымаць адпаведную міжнародную кваліфікацыю. І гэтаму была прысвечана Нюрнбергская канферэнцыя. Але мы і далей будзем працаваць. Значыць з’явіцца і шостая, і сёмая крымінальныя справы.

РР: Учора з’явілася інфармацыя, што нібыта нават падпісчыкаў тэлеграм-каналаў, якія ўлада лічыць экстрэмісцкімі, будуць караць аж да 7 гадоў зняволення. А сёння ўдакладнілася, што гэта не да канца так. Навошта ўладам такія плёткі?

Павел Латушка: Па-першае, мы не павінны паддавацца на гэтыя плёткі і чуткі. На гэта менавіта была скіравана тая інфармацыя. Гэта прывяло да таго, што некалькі тысячаў з кожнага каналу адпісаліся. Таму трэба вяртацца. На сённяшні дзень усе юрысты далі заключэнне, што адказнась немагчымая. Для чаго гэта зроблена? Па-першае, мы сапраўды маем вялікае інфармацыйнае поле пад уплывам дэмакратычнах сіл. Па-другое, улада хоча пазбавіць людзей незалежных крыніцаў інфармацыі. Бо менавіта дэмакратычныя каналы, ютуб-каналы, сацыяльныя сеткі, тэлеграм-каналы пераўзыходзяць у некалькі разоў усе дзяржаўныя СМІ. Таму тут сапраўды барацьба за інфармацыйнае поле і ўлада гэта будзе вельмі моцна працягваць.

РР: Ці гэта значыць, што ўлада прызнае, што яна ў гэтай інфармацыйнай вайне прайграла?

Павел Латушка: На сённяшні дзень – так.

Агульна Святлану Ціханоўскую ў Беларусі абвінавачваюць па 7 артыкулах Крымінальнага кодэксу, а Паўла Латушку – па 5 артыкулах. Сярод абвінавачванняў: стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім, заклікі да звяржэння або змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь. Улады нават абвінавачваюць Ціханоўскую ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, а таксама да захопу будынкаў і збудаванняў.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя