Павел Левінаў: Мінімум 70 тысяч беларусаў пазбавілі права на ўдзел у рэферэндуме



Віцебскага праваабаронцу абурыла заява пра немэтазгоднасць арганізацыі ўчасткаў для галасавання за межамі Беларусі.

Пасля заявы прэсавага сакратара МЗС Анатоля Глаза пра „абсалютна лагічнае і абгрунтаванае рашэнне не ўтвараць участкі” , бо доля тых, хто стала галасуе за мяжой, — менш за адзін адсотак, Павел Левінаў напісаў звароты ў ЦВК і МЗС з патрабаваннем забяспечыць выкананне канстытуцыйных правоў беларускіх грамадзянаў. Адказ яго не задаволіў: Цэнтрвыбаркам спаслаўся на рашэнне Міністэрства замежных справаў, а МЗС заявіў, што правы беларускіх грамадзянаў не парушаны. Ахвотным прагаласаваць прапанавана за ўласны кошт прыехаць на Радзіму, распавёў Павел Левінаў:

– Намеснік Міністра замежных справаў Барысевіч піша, што гэтае права грамадзянам, якія знаходзяцца ў замежжы, гарантаванае. Якім чынам гарантаванае? Маўляў, яны могуць прыехаць у Беларусь і прыйсці на ўчасткі. Што гэта значыць? Што ў час рэферэндума яны мусяць усе сарвацца з месца і выдаткаваць на гэта свае сродкі, прычым даволі істотныя.

Праваабаронца падкрэслівае, што прапанова прыехаць на рэферэндум за ўласны кошт выглядае здзеклівай яшчэ й таму, што цяпер ёсць праблемы з транспартным злучэннем паміж Беларуссю і крінамі Еўразвязу, дзе цяпер жыве шмат беларусаў. І што асобнай праблемай паўстане выезд з Беларусі, бо ён таксама абмежаваны.

Такім чынам, мінімум 70 тысяч беларусаў ( гэта той самы адзін адсотак, пра які заяўляў Анатоль Глаз) незаконна пазбавілі права на ўдзел у рэферэндуме. На думку праваабаронцы, гэта сведчыць пра адно: што меркаванне ўдзельнікаў рэферэндуму кіраўніцтву краіны не цікавае, бо вынікі галасавання ўжо прадказальныя, і яны будуць такія, як выгадна ўладам.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]