Павел Севярынец: Лукашэнка пачаў перадвыбарчую кампанію



Правацэнтрысцкая кааліцыя рыхтуецца да прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў. Прычым нельга выключаць, што яны могуць быць датэрміновымі. Некаторае ажыўленне ў эканоміцы зараз спрыяе папулісцкім крокам улады, падвышэнню пенсій, заробкаў. А ці хопіць рэсурсаў на гэта ў 2020 годзе, выклікае пытанне.

Па словах сустаршыні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца, Аляксандр Лукашэнка фактычна ўжо пачаў перадвыбарчую кампанію, заявіўшы пра „палітычную вакханалію” ў 2019 годзе:

– Хутчэй за ўсё старт сваёй кампаніі быў такім чынам публічна абазначаны, гэты сігнал быў пасланы наменклатуры. Таму зараз, хутчэй за ўсё, будуць вось гэтыя падачкі. Хутчэй за ўсё, будзе інфармацыйная адпрацоўка, прапаганда. Перакананы, што гэта планавая падрыхтоўка да спектаклю, таму, што выбараў ніякіх няма – гэта спектакль. На той выпадак, калі падчас спектаклю раптам нешта выходзіць з-пад кантролю і адбываецца форс-мажор, апазіцыя дакладна павінна быць падрыхтаванай.

План, які прапануе правацэнтрысцкая кааліцыя на дадзены выпадак — гэта арганізацыя праймерыз. Выбар адзінага лідара, які будзе агучваць меркаванні і пазіцыю ці большай, ці ключавой часткі дэмакратычных сіл, кажа Павел Севярынец.

Па яго словах, праймерыз плануецца пачаць ужо ў 2019 годзе. У бліжэйшы час кансультацыі пра яго правядзенне працягнуцца, магчыма атрымаецца дасягнуць канчатковых дамоўленасцяў, пра якія будзе паведамлена грамадству.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск