Павел Севярынец сустрэўся з навапалачанамі і палачанамі



Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і пісьменнік Павел Севярынец працягвае сустрэчы ў рэгіёнах Беларусі.

9 лютага ён сустракаўся з навапалачанамі і палачанамі. „Перашкодаў у арганізацыі сустрэч пакуль не адчуваю”, – кажа Павел Севярынец.

– Пакуль што апошнія гады перашкодаў няма. Цяжка сказаць, з чым гэта звязана, магчыма, больш пераключыліся на “рускі свет”, магчыма, думаюць, што гэта кампанія выбараў. Хаця я ў адкрытую кажу, што выбараў няма і мы рыхтуемся ламаць сцэнар фальсіфікацыяў. Людзі прыходяць. У Наваполацку было каля 30 чалавек, гэта даволі шмат па мерках Наваполацка. Але, я думаю, што на народным галасаванні тут будзе ў некалькі разоў больш людзей.

Навапалачанін, сябра “Народнай Грамады” Ігар Валяеў лічыць Паўла Севярынца адным з найбольш вартых прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата ад апазіцыі на праймерыз.

– На гэты момант я разглядаю два рэальныя кандыдаты, якія могуць прывесці Беларусь да зменаў, – гэта Мікалай Статкевіч і Павел Севярынец. Так як са Статкевічам ёсць пэўныя праблемы, спрабуюць яго не дапусціць да выбараў, то зразумела, калі Статкевіч не праходзіць, я тады пайду з Паўлам і буду стаяць побач. Таму мне важна было задаць яму пытанні.

Падчас сустрэчы Павел Севярынец распавёў пра механізм выбараў адзінага кандыдата ад апазіцыі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і адказаў на шматлікія пытанні. Таксама ён прэзентаваў свае кнігі.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя