Павел Севярынец: Удзел у выбарах – гэта крыж



Мікалай Статкевіч прапануе вылучыць палітвязня адзіным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах-2015. Былы палітычны зняволены Павел Севярынец падтрымлівае ініцыятыву Статкевіча, але дадае, што сам “балатавацца не збіраецца”.

DSC08827

Павел Севярынец: Я станоўча стаўлюся да прапаноў Мікалая Статкевіча. Ён не проста дасведчаны палітык, але і асабіста мужны чалавек. Таму ўсе ініцыятывы, якія зыходзяць ад яго, трэба разглядаць на самым сур’ёзным узроўні і абмяркоўваць іх. І, думаю, што такое абмеркаванне будзе.

РР: Наколькі, на ваш погляд, былыя палітвязні будуць карыстацца аўтарытэтам у электарата?

Павел Севярынец: Безумоўна, зараз просты народ глядзіць расейскае ТВ і складае скажоныя карцінкі пра падзеі ва Украіне. А палітвязні – гэта ж апазіцыя, крымінальнікі… Таму разлічваць на тое, што яны – апрыёры папулярныя, а большасць насельніцтва іх падтрымае толькі таму, што тыя супраць улады, будзе няправільна. Але на тых, хто прайшоў турму, выстаяў, здольны змагацца і несці адказнасць(гэта і Мікалай Статкевіч, і Зміцер Дашкевіч, і Мікалай Аўтуховіч), усё роўна арыентуюцца. Гэта маральныя аўтарытэты.

РР: Крымінальныя артыкулы не будуць перашкодай, каб балатавацца?

Павел Севярынец: Наколькі мне вядома, нават з судзімасцямі удзел у выбарах дапускаецца, хоць прапаганда, безумоўна, гэты факт выкарыстае з усімі наступствамі для прэтэндэнтаў. Але, калі б у краіне праходзілі сапраўды дэмакратычныя выбары, то такія людзі, як Статкевіч, адразу б атрымалі перавагу.

РР: А ці згодны былі б вы балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах?

Павел Севярынец: Не. Па-першае, зараз у мяне няма магчымасці. Па-другое, я ў такіх вельмі важных рэчах заўжды прымаю рашэнні з таго паклікання, якое ў мяне ёсць. Магу сказаць, што зараз у Беларусі кандыдацтва ў прэзідэнты, лідарства ў дэмакратычным руху – гэта крыж. Гэта не статус, не прагулка, не асабісты трыумф, а на самай справе крыж, які пагражае турмой альбо неверагоднымі складанасцямі. Калі Госпад возьме мяне за шкірку і скажа: “Севярынец, гэта будзеш ты”, я, натуральна, нікуды не падзенуся. Але зараз такіх штуршкоў звыш я не адчуваю. Таму заслугоўваюць павагі тыя людзі, якія такі крыж гатовыя на сябе ўзяць. Я маю на ўвазе не проста балатавацца, а хто гатовы ахвяраваць сабой дзеля перамогі дэмакратыі. Такія людзі ў Беларусі ёсць. І адзін з іх – Мікалай Статкевіч.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Аляксея Трубкіна

[manual_related_posts]