Павел Усаў: Бязвіз для Украіны – перадумова для інтэграцыі ў Еўропу



Бязвізавы рэжым у Еўразвязе для грамадзянаў Украіны — вельмі важны для ўсёй Усходняй Еўропы. Гэтак мяркуе палітычны эксперт Павел Усаў. Сёння завяршыўся чарговы этап па ўвядзенні бязвізавага руху для грамадзянаў паўднёвай суседкі Беларусі.

Пасля ўрачыстага подпісу 17 траўня і публікацыі чакаецца, што ўкраінцы з біяметрычнымі замежнымі паспартамі змогуць выязджаць у Шэнгенскую зону ўжо з 11 чэрвеня.

Паводле Усава — гэта сігнал, што ўвесь рэгіён не зачынены і не адарваны ад еўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў:

– Гэта, канешне, яшчэ не надзея на будучую інтэграцыю, але прынамсі паказвае, што на сённяшні момант Україна ўжо не разглядаецца як нейкі абшар уплыву Расеі, што Еўропа гатовая ўключыцца ў барацьбу за тое, каб уменшыць гэтыя ўплывы, каб стварыць умовы для бліжэйшай, прынамсі, культурнай, грамадскай інтэграцыі Украіны, а таксама і Грузіі.

У сваю чаргу Павал Усаў не выключае, што з боку Расеі можа ўзмацніцца ціск на краіны, якія знаходзяцца ў ейнай геапалітычнай арбіце, каб папярэдзіць магчымы іх разварот на Захад.

Беларусь і ЕЗ 4 гады таму пачалі перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі. Гэта дала б магчымасць знізіць кошт шэнгенскай візы з 60 да 35 еўра.

Пытанне пра бязвізавы рэжым для беларусаў нават не ўздымаецца афіцыйным Менскам і Бруселем.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя