Павел Усаў: У расейскіх інтарэсах утрымаць Беларусь аўтарытарнай



Менск – Масква. «Апазіцыйныя настроі рознае прыроды выяўлялі шырокі запыт грамадства на змены», – такую фразу ўтрымлівае даклад расейскіх экспертаў пра сітуацыю ў Беларусі. Свой аналіз апублікавала Асацыяцыя знешнепалітычных даследаванняў імя Андрэя Грамыкі пад загалоўкам «Расейска-беларускае супрацоўніцтва: час стратэгічных рашэнняў». Дакумент падпісалі такія дэпутаты „парламенту” Беларусі, як Андрэй Савіных, Генадзь Давыдзька і Алег Гайдукевіч.

Змест экспертнага дакладу ў нашым эфіры пракаментаваў палітычны аналітык Павел Усаў:

– Там акрамя пытанняў, якія датычаць унутранай беларускай палітыкі ёсць два іншыя цікавыя моманты. Па-першае, канкрэтныя тэзісы пра больш шчыльную, больш паглыбленую інтэграцыю ў межах Саюзнай дзяржавы. А менавіта паўстанне і фарміраванне палітычных інстытутаў. І напрыканцы даклада, напрыклад, лакмусавы запыт на Крым. Чырвонай рысай праведзена тое, што Крым з’яўляецца дэманстрацыяй таго, што Беларусь гатовая бараніць інтарэсы Саюзнай дзяржавы і інтарэсы Расеі, бо прызнанне Крыма, гэта па факце азначае прызнанне новых межаў Саюзнай дзяржавы.

Ці можна зрабіць выснову, што расейскія эксперты падштурхоўваюць Крэмаль замяніць Лукашэнку на менш аўтарытарнага кіраўніка, але Беларусі давядзецца заплаціць за гэта істотнай часткай незалежнасці?

– У расейскіх інтарэсах утрымаць Беларусь у фармаце аўтарытарнай дзяржавы. І, я думаю, змены ў Беларусі, звязаныя з персанальнымі зменамі, яны могуць наступіць у той момант, калі Расея будзе ўпэўнена, што са зменай Лукашэнкі рэжым і сістэма ў Беларусі не зменіцца, што нішто не паўплывае на стабільнасць аўтарытарных інстытутаў і аўтарытарнага кіравання ўнутры Беларусі.

«Персаналісцкія змены ў крытычных сітуацыях заўсёды непрадказальныя, і ў Маскве гэта вельмі добра разумеюць», – заўважае Павел Усаў.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя