Павел Знавец: Квота для так званай апазіцыі ў парламенце – 2-3 мандаты



Рэальнай апазіцыі ў парламенце не будзе”, – лічыць палітык Павел Знавец

Як вядома, апошнім разам у парламент трапілі дзве прадстаўніцы ад дэмакратычнай грамадскасці – цяперашняя старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. Ці прапусцяць апазіцыю ў парламент зараз?

Павел Знавец: Улада знаходзіцца перад спакусай працягнуць эксперымент па знаходжанні ў парламенце “ціхай апазіцыі”. Усе ўбачылі, што Алена Анісім і Ганна Канапацкая ніякім чынам не парушылі парламенцкі спакой, жанчыны вялі сябе ціха і прыстойна. Гэта не дэпутацкая група “Рэспубліка”, якая Лукашэнку добра папсавала нервы.

Таму, калі ўлада будзе глядзець на гэты эксперымент з рацыянальнага боку, ён можа быць працягнуты. А могуць і пашырыць квоту – даць тры мандаты. У такім выпадку еўрапейцы, якія будуць назіраць за выбарамі, заплюшчаць вочы на абсалютную непразрыстасць выбараў і будуць казаць пра прагрэс беларускага рэжыма, які быццам бы стаў на шлях дэмакратызацыі і ідзе да гэтага крок за крокам.

РР: Іншыя варыянты могуць быць?

Павел Знавец: Безумоўна. Ні для каго не сакрэт, што беларускі кіраўнік наогул не церпіць іншадумцаў і баіцца любой праявы апазіцыйнасці. Таму не стане адкрыццём, калі гэтым разам наогул ніхто з так званай апазіцыі не атрымае дэпутацкі мандат. Такі варыянт таксама мажлівы, яго нельга выключаць.

Але, як мне падаецца, найбольш верагодны першы сцэнар, таму мой прагноз такі: зараз у парламент патрапяць 2-3 чалавекі ад дэмакратычнай грамадскасці. Магчыма, што тую ж Алену Анісім пакінуць на другі тэрмін. Але адно можна сказаць дакладна: “палатка” будзе без адзінага рэальнага апазіцыянера.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя