Перамовы Лукашэнкі і Пуціна пройдуць 21 верасня ў Сочы



Аляксандр Лукашэнка 20-21 верасня зробіць рабочы візіт у Расейскую Федэрацыю. Беларуска-расейскія перамовы на вышэйшым узроўні з удзелам членаў урадаў дзвюх краін адбудуцца 21 верасня ў Сочы, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін таксама правядуць двухбаковую сустрэчу ў фармаце „сам-насам”. На парадак дня будзе вынесеная актуальная тэматыка беларуска-расійскага супрацоўніцтва. Чакаецца, што прэзідэнты падрабязна разгледзяць пытанні па шырокім коле напрамкаў, у тым ліку ў сферах сельскай гаспадаркі, прамысловасці, гандлёва-эканамічнага і фінансавага ўзаемадзеяння, супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы, абмяркуюць саюзную і інтэграцыйную тэматыку.

Папярэдняя дамоўленасць правесці 21 верасня сустрэчу ў пашыраным складзе з удзелам членаў урадаў была дасягнутая 30 жніўня падчас тэлефоннай размовы Лукашэнкі з Пуціным. Плануецца, што ў перамовах возьмуць удзел прэм’ер-міністры дзвюх краін, віцэ-прэм’еры, якія адказваюць за нафтагазавы комплекс і сельскую гаспадарку, міністры фінансаў.

Папярэдняя сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі адбылася 22 жніўня ў Сочы.

belapan.by