Перамовы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы завяршыліся
У сочынскай рэзідэнцыі „Бачароў ручай” завяршыліся перамовы прэзідэнтаў Беларусі і Расеі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, паведамляе Газета.Ru.
Перамовы працягваліся прыкладна тры гадзіны. Паводле папярэдняй інфармацыі, афіцыйных заяў па іх выніках не плануецца.
Журналісты крамлёўскага пула на сваёй старонцы ў „Твітэры” таксама расказалі, што Лукашэнка, які ў пачатку верасня сабраў ураджай бульбы і бахчавых на сваім участку, прыехаў да Пуціна ў Сочы не з пустымі рукамі, а з падарункамі.
Пуцін і Лукашэнка не абмежаваліся фармальнымі перамовамі ў Сочы. Яны пакаталіся на электракары па рэзідэнцыі, дэлегацыі ж раіліся. Затым адбылася сумесная вячэра.
Як паведамлялася, Пуцін у пачатку сустрэчы прапанаваў абмеркаваць пытанні ў галіне сельскай гаспадаркі і энергетыкі, якія застаюцца спрэчнымі, з улікам змен, што адбыліся ў беларускім урадзе.
У сваю чаргу Лукашэнка выказаў меркаванне, што Беларусь і Расея змогуць вырашыць усе наяўныя ў іх адносінах праблемы да канца гэтага года.
„Я ўпэўнены, што мы да канца года ну практычна ўсе пытанні развяжам. Яны не такія складаныя, хоць з фінансавага пункту гледжання некаторыя цяжкія, паколькі ўвязаныя вялікія фінансавыя патокі”, — адзначыў Лукашэнка.
belapan.by
