Лукашэнка і Пуцін праводзяць перамовы



У летняй рэзідэнцыі прэзідэнта Расеі Бачароў Ручай у Сочы (Краснадарскі край РФ) праходзяць перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, паведамляе тэлеграм-канал „Пул Першага”.

Сустрэча праходзіць у фармаце „сам-насам” у максімальна закрытым для прэсы рэжыме.

Раней прадстаўнік крамлёўскага пула, журналіст „Камсамольскай праўды” Дзмітрый Смірноў паведаміў у сваім тэлеграм-канале „Пул № 3”, што пра вынікі перамоваў Пуціна і Лукашэнкі будзе паведамлена праз іх прэс-сакратароў.

„Максімальна закрытая сустрэча: ні падпісання дакументаў, ні афіцыйных заяваў па выніках перамоў Пуціна і Лукашэнкі не будзе”, — гаворыцца ў паведамленні. Акрамя таго, са спасылкай на прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова паведамляецца, што сустрэча будзе доўжыцца „колькі спатрэбіцца”.

Раней прэс-служба Лукашэнкі паведамляла, што на сустрэчы ў Сочы 14 верасня „лідары краін абмяркуюць стан і перспектывы развіцця двухбаковага супрацоўніцтва ў розных сферах, тэматыку саюзных адносін, разгледзяць міжнародную праблематыку і сітуацыю ў рэгіёне, пытанні сумеснага рэагавання на выклікі”.

Пяскоў у сваю чаргу заяўляў, што падпісання дакументаў не плануецца. „Падчас перамоваў маецца на ўвазе абмеркаваць ключавыя пытанні далейшага развіцця расейска-беларускіх адносін стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва. Асаблівую ўвагу плануецца надаць рэалізацыі буйных сумесных праектаў у гандлёва-эканамічнай, энергетычнай і культурна-гуманітарнай галінах, а таксама перспектывам прасоўвання інтэграцыйных працэсаў у межах Саюзнай дзяржавы”, — паведаміла прэс-служба Крамля.

belapan.by