Перанос пачатку шэсця на Дзень Волі абурыў сябраў аргкамітэта свята



Рашэнне гарадскіх уладаў перанесці час правядзення Дня Волі ў Менску абурыла сябраў аргкамітэта па арганізацыі яго святкавання. Мерапрыемства планавалася пачаць зборам удзельнікаў каля кінатэатра „Кастрычнік” 25 сакавіка ў 17 гадзін. Улады адсунулі гэты тэрмін на 2 гадзіны, даўшы дазвол на збор у 15 гадзін. Калі ўлічыць, што 25 сакавіка – будзёны дзень, гэта можа моцна паўплываць на яўку, – кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

– Шкада, што новапрызначаны кіраўнік горада Менска фактычна пачынае сваю дзейнасць такім чынам. Гэты крок скіраваны на канфрантацыю, гэты крок не скіраваны ў бок лібералізацыі гэтай сітуацыі ўнутры краіны, і з гэтай нагоды мы выказваем шкадаванні.

Аднак, як адзначыў Анатоль Лябедьзка, арганізатары мерапрыемства на Дзень Волі не жадаюць ісці па шляху правакацыі і сілавога супрацьстаяння, які навязваюць ім улады. Арганізатары Дня Волі заявілі, што маюць намер абскардзіць незаконнае рашэнне ўладаў у судзе ці пракуратуры.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя