Перастаюць дзейнічаць санкцыі Канады ў дачыненні да Беларусі



12 ліпеня перастаюць дзейнічаць эканамічныя санкцыі Канады ў дачыненні да Беларусі.

Адпаведнае рашэнне канадскага ўрада, нагадаем, было апублікавана 26 чэрвеня. У ім гаварылася, што Беларусь выключаецца са спісу краін (акрамя Беларусі ў ім таксама знаходзілася Паўночная Карэя), для экспарту ў якія неабходна атрымліваць дазвол Міністэрства замежных спраў і гандлю Канады.

„Канада здымае эканамічныя санкцыі з Беларусі, паколькі ЗША і Еўразвяз зрабілі тое ж самае, — пракаментавала рашэнне ўрада канадскае МЗС. — Гэты перагледжаны падыход адлюстроўвае прызнанне Канадай таго, што ўрад Беларусі дамагся прагрэсу ў ключавых галінах, уключаючы вызваленне палітычных зняволеных і правядзенне мірных прэзідэнцкіх выбараў у кастрычніку 2015 года”.

У заяве таксама адзначалася, што Канада прызнае канструктыўную ролю Беларусі ў садзейнічанні перамовам па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны.

Пра пачатак працэдуры зняцця санкцый з Беларусі, уведзеных 14 снежня 2006 года ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў краіне, Канада аб’явіла 7 мая 2016-га.

Раней аналагічныя крокі зрабілі ЗША і ЕЗ. Злучаныя Штаты прынялі рашэнне аб частковым змякчэнні санкцый у дачыненні да Беларусі ў кастрычніку 2015 года, у лютым 2016-га санкцыі часткова адмяніў Еўразвяз.

belapan.com