План падрыхтоўкі законапраектаў з’явіўся са спазненнем



Апублікаваны план падрыхтоўкі законапраектаў на 2015 год. Сёлета дадзены дакумент з’явіўся са спазненнем. У папярэднія гады такі дакумент у лютым ужо быў зацверджаны.

Дырэктар Цэнтра прававой тарнсфармацыі Вольга Смалянка:

– Звычайная практыка, што план заканапраектнай дзейнасці (ён зацвярджаецца Указам прэзідэнта) публікуецца афіцыйна ў канцы снежня – пачатку студзеня.

У перадвыбарчы перыяд у Беларусі прымаюцца заканадаўчыя акты, якія істотна абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзянаў. Так было ў 2006 годзе, калі ў Крымінальным кодэксе з’явіўся артыкул 193.1 – адказнасць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Напярэдадні выбараў 2010 года былі ўнесеныя праўкі ў Закон „Аб СМІ”, якія прадугледжвалі абмежаванні правоў на атрыманне доступу і распаўсюду інфармацыі.

На сайце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь план падрыхтоўкі законапраектаў пакуль не з’явіўся. Дакумент надрукаваў толькі Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Юлія Сівец, Радыё Рацыя