Польшча падыме беларускае пытанне на саміце НАТА



Польшча падыме беларускае пытанне на саміце НАТА.

Пра гэта паведаміў Пётр Цвік з Канцылярыі прэзідэнта Польшчы. Ён сказаў, што на бліжэйшым саміце NATO будуць абмяркоўвацца, між іншым, пытанні вайсковай прысутнасці ЗША ў Еўропе. Таксама будуць абмяркоўвацца пытанні бяспекі ўсходняга фланга Альянсу, і сітуацыя ў Беларусі і Расеі. Падчас саміту прэзідэнт Анджэй Дуда плануе паразмаўляць з прэзідэнтам ЗША па пытаннях, звязаных з інтарэсамі Польшчы, у тым ліку адносна трубаправода Nord Stream 2.

Саміт НАТА з удзелам кіраўнікоў дзяржаў-чальцоў пройдзе ў Бруселі 14 чэрвеня. Як раней паведамляў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг, галоўнымі тэмамі саміту будзе палітыка Расеі, пагроза тэрарызму, кібератакі, новыя тэхналогіі, уплыў змен клімату на бяспеку і адносіны з Кітаем.

Беларускае Радыё Рацыя