Польшча пашырае амерыканскую вайсковую прысутнасць



Польшча пашырае амерыканскую вайсковую прысутнасць на сваёй тэрыторыі. Днямі ў Вашынгтоне прэзідэнты ЗША і Польшчы Дональд Трамп і Анджэй Дуда падпісалі дэкларацыю пра супрацоўніцтва ў абароннай галіне. Паводле дакументу, у Польшчы ў бліжэйшым часе з’явіцца дадатковая тысяча амерыканскіх жаўнераў, якіх цяпер на тэрыторыі краіны размяшчаецца 4,5 тысячы. Таксама польскі бок задэклараваў жаданне набыць 32 знішчальнікі F-35 – найбольш сучасныя ды інавацыйныя машыны.

На думку беларускага вайсковага эксперта Аляксандра Алесіна, усё ж гэтага недастаткова для фактычнай абароны, але дэкларацыя мае палітычнае значэнне:

– У прынцыпе, гэта штат бронетанкавай брыгады. Зразумела, што з такімі сіламі атакаваць, скажам, Расейскую Федэрацыю ці Беларусь немагчыма. Для таго, каб правесці нейкія агрэсіўныя дзеянні, трэба як мінімум у пяць разоў болей. З палітычнай кропкі гледжання нарошчванне колькасці выглядае ў вачах расейцаў дастаткова правакацыйна.

Аляксандр Алесін лічыць, што гэтыя дзеянні Польшчы выклічуць рэакцыю ў адказ з боку Расейскай Федэрацыі, ён не выключае пэўнай “гонкі ўзбраенняў”, у якую хутчэй за ўсё будзе ўцягнутая і Беларусь:

– Думаю, што Лукашэнка вымушаны будзе ўслед за Расеяй рабіць нейкія крокі. Спачатку гэта будуць палітычныя, а пасля, магчыма, і ваенныя. Нешта прыйдзецца, напэўна, размясціць на сваёй тэрыторыі. Добра, калі гэта будуць дадатковыя беларускія ўзбраенні. У крайнім выпадку, Расея можа “папрасіць” размясціць нейкія яе ўзбраенні – адну-дзве брыгады комплексаў “Іскандэр”.

“Не хацелася б такога развіцця падзей, але мяркую, што ў такім напрамку гэтая сітуацыя і будзе развівацца. Як саюзнік Расеі, Беларусь будзе вымушана прымаць меры, але гэта не аслабіць пагрозу для Польшчы, а наадварот – толькі яе ўзмоцніць”, – дадаў Аляксандр Алесін.

Цалкам матэрыял у далучаным файле:

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Беларуская праўда