Польскі дыпламат пра дыялог з Лукашэнкам: „Кіруймася інтарэсамі, не каштоўнасцямі!”



У Польскім Тэатры ў Варшаве адбылася дыскусія наконт будучыні Беларусі і пацяплення польска-беларускіх міждзяржаўных адносінаў.

zavalnia_sto_z_bielarussiu_fota

На гэту тэму паспрачаліся былы кандыдат на пасаду прэзідэнта Андрэй Саннікаў і былы павераны ў справах Амбасады Польшчы ў Менску Вітальд Юраш. На думку беларускага палітыка, Лукашэнка не з’яўляецца гарантам незалежнасці нашай краіны, а існаванне дыктатуры шкодзіць не толькі беларускаму народу, але таксама супярэчыць інтарэсу Польшчы і ўсёй Еўропы:

— Усё гэтае пацяпленне звязанае з тым, што патрабуюцца грошы на эканоміку. Зараз ціснуць якраз можна, бо гэтаму рэжыму не хапае  грошай. Павінен быць ціск па ўсіх накірунках: калі даеш грошы, павінны быць жорсткія ўмовы. Давайце рэформы, давайце так, каб прыватны сектар сапраўдны запрацаваў, каб яго правы былі абаронены, каб адбыліся сапраўдныя рэформы ў эканоміцы. На гэтых падмурках існуе Еўропа  і гандляваць ці мець нейкія дачыненні на іншых прынцыпах проста не выпадае.

 Андрэй Саннікаў зазначыў, што Польшча мае цудоўны досвед барацьбы з таталітарызмам і можа аказаць ціск на афіцыйны Менск.

У той жа ж час Вітальд Юраш зазначыў, што знешняя палітыка не павінна кіравацца паняццямі маралі, а Польшча мае дбаць пра польскія, а не беларускія інтарэсы:

— І кіравацца сваімі інтарэсамі, а не інтарэсамі Беларусі, сваімі інтарэсамі, а не каштоўнасцямі, бо часам інтарэсы і каштоўнасці знаходзяцца ва ўзаемнай супярэчнасці і тады спелыя дзяржавы кіруюцца сваімі інтарэсамі, наколькі б немаральным гэта не было. Маральнасць — кепскі інструмент у замежнай палітыцы. І нарэшце змагацца за ключавы момант для нас: каб Беларусь трывала як незалежная, суверэнная дзяржава, якая аддзяляе нас ад рэваншысцкай Расеі.

Таксама дыпламат дадаў, што лічыць менавіта Аляксандра Лукашэнку гарантам беларускай незалежнасці. Апроч гэтага Вітальд Юраш зазначыў, што на сёння ў Беларусі няма аніякага шанса на еўрапейскую перспектыву, а беларускае КДБ было абстаўлена маладымі кадрамі, якія служаць не Расеі, а асабіста Аляксандру Лукашэнку.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя