ПП НС прыняла ў другім чытанні папраўкі ў закон аб СМІ



Палата прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу 14 чэрвеня прыняла ў другім чытанні папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. За прыняцце законапраекта прагаласавалі 97 дэпутатаў. Алена Анісім устрымалася, Ганна Канапацкая адсутнічала ў зале.

Дакумент у другім чытанні прадстаўляла намеснік старшыні пастаяннай камісіі ПП НС па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Валянціна Ражанец.

Яна адзначыла, што законапраект утрымлівае шэраг новаўвядзенняў у галіне інтэрнэту, у прыватнасці пашырэнне пераліку інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена. Адначасова прапаноўваецца знізіць у два разы памер штрафных санкцый за распаўсюджванне такой інфармацыі. З дакумента выключаны нормы, якія датычацца карэкціровак Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях у мэтах рэалізацыі іх у рамках іншага законапраекта.

Як сцвярджае Ражанец, законапраект шырока абмяркоўваўся ў грамадстве, яго тэкст накіроўваўся ў рэдакцыі СМІ і профільныя журналісцкія арганізацыі.

Дэпутат падкрэсліла, што пры падрыхтоўцы дакумента да другога чытання ўлічаны прапановы Канапацкай і Беларускай асацыяцыі журналістаў. У прыватнасці, прадугледжаны парадак абскарджвання рашэнняў Мінінфарма аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурсаў.

У дакуменце ўдакладняецца, што СМІ з замежным удзелам у статутным фондзе могуць і далей працягваць сваю дзейнасць пры ўмове, што такі ўдзел не будзе павялічвацца.

Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец напярэдадні выказаў незадаволенасць новай рэдакцыяй дакумента. „Я прагназаваў, зыходзячы з размоў з прадстаўнікамі рабочай групы, што могуць быць прыняты пад увагу два важныя моманты: уведзены судовы парадак абскарджвання рашэнняў Міністэрства інфармацыі аб блакаванні інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама больш простая працэдура рэгістрацыі анлайн-СМІ. Мой прагноз спраўдзіўся напалову: магчымасць абскардзіць у судзе рашэнні Мінінфарма прапісаная, а працэдура рэгістрацыі застаецца такой жа складанай. Напрыклад, застаецца вызначэнне, што рэдакцыяй можа быць толькі юрыдычная асоба, а не індывідуальны прадпрымальнік або фізічная асоба”, — адзначыў Бастунец у каментары прэс-службе БАЖ.

Інтэрнэт-рэсурсы, падкрэсліў ён, наогул не рэгістраваліся як СМІ, іх статус юрыдычна не быў вызначаны. Цяпер уводзіцца добраахвотная рэгістрацыя, „але далёка не ўсе змогуць гэта зрабіць”. „Да прыкладу, заснавальнікамі папулярных рэгіянальных рэсурсаў media-polesye.by і ex-press.by з’яўляюцца індывідуальныя прадпрымальнікі. Адпаведна, калі яны захочуць мець статус СМІ, уласнікам трэба стварыць і зарэгістраваць юрыдычную асобу, а затым падаваць свае інтэрнэт-рэсурсы на рэгістрацыю ў Міністэрства інфармацыі”, — звярнуў увагу Бастунец.

З законапраекта выключылі нормы аб адказнасці інтэрнэт-рэсурсаў, але, паводле інфармацыі БАЖ, яны перанесены ў іншы законапраект — аб унясенні змяненняў у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.

„Па вялікім рахунку ўсе астатнія пытанні, на якія рабілі акцэнт прадстаўнікі ГА „БАЖ” і медыясупольнасці, засталіся па-за ўвагай. У цэлым абмеркаванне законапраекта больш падобнае на імітацыю, чым на спробу знайсці паразуменне”, — сказаў Бастунец.

belapan.by

Фота zvarot.by