Прадстаўнік АБСЕ Рыбейра заклікала вызваліць усіх затрыманых у Беларусі супрацоўнікаў СМІ



Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Тэрэза Рыбейра заклікала беларускія ўлады вызваліць усіх журналістаў і іншых супрацоўнікаў СМІ, якія асуджаныя, арыштаваныя або затрыманыя ў краіне. Адпаведны ліст Рыбейра даслала кіраўніку МЗС Беларусі Уладзіміру Макею, паведамляе прэс-служба АБСЕ.

Рыбейра падкрэсліла, што большасць гэтых журналістаў былі затрыманыя за тое, што асвятлялі грамадскія мерапрыемствы і палітычныя падзеі.

„Гэты сістэматычны пераслед журналістаў і супрацоўнікаў СМІ з’яўляецца грубым парушэннем абавязацельстваў у дачыненні да свабоды выказвання меркаванняў і свабоды СМІ, добраахвотна ўзятых на сябе Беларуссю як дзяржавай — удзельнікам АБСЕ”, — адзначыла прадстаўнік арганізацыі ў лісце.

Яна падкрэсліла, што гэтыя рэпрэсіўныя захады прымушаюць іншых журналістаў баяцца пераследу ў сувязі з сваёй працай, вядуць да самацэнзуры і ўплываюць на здольнасць незалежных СМІ даваць інфармацыю грамадскасці.

„Свабода атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і меркаванні без умяшання з боку ўладаў незалежна ад дзяржаўных межаў, у тым ліку праз замежныя СМІ, мае першачарговае значэнне для дэмакратычнага грамадства і з’яўляецца адной з асноўных умоў яго прагрэсу і развіцця”, — заявіла Рыбейра.

Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ таксама згадала паведамленні аб тым, што правы некаторых журналістаў, якія знаходзяцца за кратамі, парушаліся, у тым ліку шляхам „адвольных метадаў назірання, збівання, адмовы ў своечасовай юрыдычнай або консульскай дапамозе, прымусаў да прызнання віны, мэтанакіраваных „уцечак” і паклёпніцкіх кампаній”.

„Усе нядаўнія выпадкі гвалту з боку паліцыі ў дачыненні да незалежных работнікаў СМІ ў краіне павінны быць цалкам расследаваныя, — падкрэсліла Рыбейра. — Вельмі неабходна, каб беларускія ўлады паклалі канец атмасферы беспакаранасці і гвалту ў дачыненні да журналістаў”.

belapan.by