Прадстаўнік Беларусі расказаў пра вучэнні „Захад-2017” у Бруселі



8 верасня начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва — памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва генерал-маёр Алег Воінаў выступіў з брыфінгам аб сумесных стратэгічных вучэннях (ССВ) узброеных сіл Беларусі і Расеі „Захад-2017” на пасяджэнні Камітэта намеснікаў пастаянных прадстаўнікоў дзяржаў — членаў НАТА. Брыфінг адбыўся ў штаб-кватэры альянсу ў Бруселі.

Алег Воінаў (Фота mil.by)

Вучэнні пройдуць на тэрыторыі Беларусі на шасці палігонах і на двух участках мясцовасці з 14 па 20 верасня. Заходнія краіны-суседзі выказваюць асцярогі, што расейскія войскі могуць застацца ў Беларусі і стварыць тут магутную наступальную групоўку. Асаблівы неспакой выказваюць з гэтай нагоды Украіна, Літва і Польшча.

На брыфінгу для журналістаў 29 жніўня ў Менску начальнік Генеральнага штаба Узброеных сіл Беларусі — першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Алег Белаконеў, кіраўнік вучэннямі з беларускага боку, заявіў, што да 30 верасня расейскія войскі пакінуць беларускую тэрыторыю, а падрыхтоўка да вучэнняў вядзецца ў няпростым ваенна-палітычным становішчы ў рэгіёне.

Белаконеў заявіў, што, „нягледзячы на тэндэнцыйны ажыятаж, які створаны вакол гэтых вучэнняў, Беларусь няўхільна выконвае ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы ў рамках міжнародных і рэгіянальных дагавораў аб раззбраенні, верыфікацыйнай дзейнасці, умацаванні мер даверу і бяспекі ў межах ААН і АБСЕ”. Кіруючыся імі, Беларусь яшчэ ў канцы 2016 года праінфармавала дзяржавы — удзельнікі Венскага дакумента 2011 года аб ССВ „Захад-2017, што маюць адбыцца”.

„Яскравым прыкладам адкрытасці і празрыстасці” гэтых вучэнняў Белаконеў назваў праведзены 12 ліпеня ў Вене брыфінг на форуме АБСЕ.

belapan.com