Прадстаўнікі апазіцыі абскардзяць у судах рашэнне аб складах выбарчых камісій



Прадстаўнікі апазіцыі абскардзяць у судах рашэнні аб складах выбарчых камісій, паведаміў БелаПАН кіраўнік руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч.

Як паведамлялася, са 117 прадстаўнікоў руху „За Свабоду” ў склад акруговых камісій увайшлі толькі чатыры.

„Мы падалі скаргі ва ўсе шэсць абласных судоў і гарадскі суд Менска на адмову ўключыць у склад выбаркамаў 113 прадстаўнікоў нашага руху. На пасяджэнні прэзідыума фармальна паставіліся да разгляду кандыдатур, і прысутным было відавочна, што рашэнне прынятае загадзя, што ўжо ёсць спісы, за каго галасаваць”, — сказаў Губарэвіч.

Скаргі ў Менскі гарадскі суд, а таксама ў Берасцейскіі і Менскі абласныя суды накіравала і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Партыя патрабуе прызнаць рашэнне прэзідыумаў саветаў дэпутатаў і выканаўчых камітэтаў аб стварэнні выбарчых камісій незаконным і прыняць новае рашэнне аб стварэнні выбаркамаў з уключэннем у склад прадстаўнікоў БСДП (Г). З 35 вылучаных прадстаўнікоў у камісіі ўключаныя чатыры чалавекі.

Аб’яднаная грамадзянская партыя таксама накіравала аналагічныя скаргі ва ўсіх рэгіёнах, акрамя Берасцескай і Менскай вобласці. Ад АГП у склад акруговай камісіі ўключаны адзін чалавек з 18 вылучаных.

У Партыі БНФ паведамілі, што таксама накіравалі скаргі ва ўсе рэгіянальныя суды, акрамя Гомельскай вобласці. Ужо адбыўся разгляд скаргі ў Гарадзенскі абласным судзе. Суд у задавальненні патрабаванняў адмовіў.

belapan.by