Прадстаўнікі грамадскасці Гомеля прынялі заяву ў абарону суверэнітэта



Прадстаўнікі грамадскасці Гомеля прынялі заяву ў абарону суверэнітэта. Сябры дэмакратычных партый і грамадскіх рухаў нагадваюць, што дзеянні, скіраваныя на падрыў эканамічнага альбо палітычнага суверэнітэту, з’яўляюцца дзяржаўнай здрадай. У тэксце зварота таксама ўтрымліваецца заклік да грамадзянаў Беларусі выступіць у абарону суверэнітэту сваёй краіны.

У заяве, ухваленай дэмакратычнымі грамадскімі арганізацыямі Гомеля, канстатуецца, што “цягам 25 год беларускія ўлады замест дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне, вырашэння эканамічных і сацыяльных праблем, стварэння ўмоў для развіцця нацыянальнай свядомасці і нацыянальнай культуры, вядуць гульні па інтэграцыі з Расейскай Фэдэрацыяй. За гэты час было створана некалькі наддзяржаўных утварэнняў, якія носяць штучны характар і незразумелыя для большасці насельніцтва Беларусі. Зараз вядуцца кулуарныя перамовы аб аб’яднанні з Расеяй. Пры гэтым грамадства, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія з’яўляюцца крыніцай улады ў краіне, ня маюць інфармацыі наконт зместу перамоў па інтэграцыі”. Аўтары звароту нагадваюць уладам, што Суверэнітэт Беларусі з’яўляецца найвышэйшай каштоўнасцю і не можа быць падвергнуты ніякім абмежаванням.

Заява аб абароне суверэнітэту і незалежнасці была ўхваленая ў Гомелі сябрамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, актывістамі партыі БНФ, сябрамі Руху “За свабоду”, прадстаўнікамі Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу.

Беларускае Радыё Рацыя