Прафсаюз РЭП прапануе Лукашэнку склікаць агульнанацыянальны круглы стол



Незалежны прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) прапануе Аляксандру Лукашэнку склікаць агульнанацыянальны круглы стол. Пра гэта гаворыцца ў адкрытым звароце пашыранага пасяджэння прэзідыума прафсаюза.

У дакуменце адзначаецца, што за 23 гады прэзідэнцтва Лукашэнкі „такой складанай сітуацыі ў эканоміцы і грамадзянскай супольнасці яшчэ не было, на кану суверэнітэт, незалежнасць Беларусі і лёс яе грамадзян”. „У грамадстве з кожным днём расце незадаволенасць простых людзей працай уладаў усіх узроўняў, уключаючы і вас. Брутальныя беспакараныя разгоны мірных дэманстрацый грамадзян не вырашаць праблемы павелічэння заработнай платы, пенсій, дапамог, стварэння новых рэальных працоўных месцаў. Яны, наадварот, злуюць грамадзян. А ліхаманкавыя дзеянні ўладаў у рэгіёнах працаўладкаваць усіх ахвотных да 1 мая хоць куды-небудзь і кім-небудзь за мізэрную зарплату 150-200 рублёў нічога ў грамадстве не выклікаюць, акрамя раздражнення і непрымання”, — гаворыцца ў звароце.

Прафсаюз РЭП прапануе Лукашэнку склікаць круглы стол з упаўнаважанымі прадстаўнікамі народа, якія былі абраныя на праведзеных у лютым і сакавіку мірных мітынгах. Арганізацыя таксама заклікае даць магчымасць правесці падобныя мірныя мітынгі на цэнтральных плошчах гарадоў. Круглы стол, на думку прафсаюза РЭП, варта зрабіць „пастаянна дзейным грамадскім органам, дзе неабходна абмяркоўваць і вырашаць не толькі набалелыя пытанні, але і даць магчымасць улічваць грамадскую думку па развіцці краіны ў будучыні”.

На круглым стале прафсаюз лічыць неабходным абмеркаваць пытанні адмены дэкрэтаў № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” і № 29 „Аб кароткатэрміновых кантрактах”, перагляду ўказа аб павелічэнні пенсійнага ўзросту, распрацоўкі праграмы перанавучання кадраў з улікам спецыфікі рэгіёнаў, змены сістэмы рэгістрацыі грамадскіх арганізацый на паведамляльную, распрацоўкі і прымянення закона аб самазанятасці, правядзення рэферэндуму аб парламенцкай або прэзідэнцкай рэспубліцы, аб прамых выбарах кіраўнікоў выканаўча-распарадчай улады гарадоў і раёнаў і іншыя.

Вырашэнне гэтых праблем, лічаць у прафсаюзе РЭП, дазволіць „з’яднаць грамадства, павысіць дабрабыт грамадзян і іх сем’яў, не дапусціць сацыяльнага выбуху, стыхійных забастовак і акцый грамадзянскага непадпарадкавання; вярнуць людзям веру, што фармаванне ўладных структур знізу даверху будзе залежаць толькі ад волевыяўлення народа; захаваць і ўмацаваць незалежнасць і суверэнітэт Беларусі і зрабіць яе прывабнай для камфортнага жыцця”.

belapan.by