Пратэстоўцы ў Эквадоры захапілі ўрадавы будынак



У эквадорскай сталіцы Кіта пратэстоўцы ў суботу, 12 кастрычніка, захапілі будынак Службы генеральнага кантралёра, якая займаецца фінансава-эканамічным кантролем у краіне. Як паведамляе агенцтва AFP, людзі ў масках закідалі будынак кактэйлямі Молатава, а пасля ўварваліся ў яго і пачалі нішчыць мэблю і дакументы. Прылеглы раён эвакуяваны, пажарнікі тушаць агонь.

На хвалі пратэстаў, якія не спыняюцца ў Эвадоры ўжо некалькі дзён, дэманстранты заблакавалі дарогу да міжнароднага аэрапорту, перадае агенцтва Reuters. Акрамя гэтага, у сталіцы адбылося некалькі сутычак пратэстоўцаў з паліцыяй. Працягваюцца блакады буйных аўтадарог, яны прывялі да праблем з пастаўкамі прадуктаў і паліва.

Пратэсты ў Эквадоры пачаліся з-за рэзкага падвышэння цэн на паліва, выкліканага адменай дзяржаўных субсідый. Улады больш ня могуць дазволіць сабе субсідаваць яго куплю, растлумачыў прэзідэнт краіны Ленін Марэна. З пачатку кастрычніка цэны на паліва падскочылі больш чым у два разы. Кіраўнік дзяржавы ўвёў рэжым надзвычайнага становішча тэрмінам на 60 дзён і адмяніў трохдзённы візіт у Германію.

Масавыя акцыі пратэсту паралізавалі працу грамадскага транспарту ў многіх гарадах краіны. Паліцыя затрымала каля 477 чалавек. Разам з тым прадстаўнікі карэнных народаў заявілі, што з 6 кастрычніка ўтрымліваюць некалькі дзясяткаў вайскоўцаў і паліцыянтаў. З пачатку пратэстаў загінула не менш 4 чалавек з ліку дэманстрантаў.

Беларускае Радыё Рацыя