Працяг палітычнага крызісу ў Польшчы



У Сейме застаюцца дэпутаты ад апазіцыі, якія заяўляюць, што не пакінуць залу пасяджэнняў да аўторку. Каля Сейма працягваюць пратэставаць актывісты „KOD”, і „Obywatele RP”.

4446178

Фота REUTERS

17 снежня дэманстрацыя адбылася таксама каля прэзідэнцкага палаца, сёння апоўдні дэманстрацыя пройдзе каля Канстытуцыйнага суда ў Варшаве. А 16 гадзіне на Кракаўскім прадмесце збяруцца прыхільнікі кіруючай партыі „Права і справядлівасць”.

У справе палітычнага крызісу ў Польшчы выказаўся старшыня еўрапейскай рады, былы прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск:

– Звяртаюся да тых, хто рэальна мае ўладу ў нашай краіне, прашу пра павагу ў адносінах да людзей, у адносінах да канстытуцыйных прынцыпаў і каштоўнасцяў, устаноўленых працэдураў і добрых звычаяў. А ўсім тым, хто гатовы ўтрымліваць еўрапейскія стандарты дэмакратыі ў Польшчы, я хацеў бы сардэчна падзякаваць і выразіць павагу.

Усё пачалося падчас пасяджэння Сейма ў пятніцу, калі з пасяджэння Сейма быў выключаны адзін з дэпутатаў апазіцыі, а затым маршалак Марэк Кухцінскі перанёс пасяджэнне ў іншую залю, дзе пасля перапынку аднавілі пасяджэнне Сейма і адобрылі бюджэт без апазіцыі.

Лідары апазіцыі лічаць прыняццё бюджэту нелегітымным і прапануюць паўтарыць абмеркаванне і галасаванне 20 снежня.

Беларускае Радыё Рацыя