Уладзімір Кондрусь: „Спадзяюся, гэта была не апошняя Плошча!”



„Спадзяюся, гэта была не апошняя Плошча! Жыве Беларусь”, — заявіў журналістам асуджаны ўдзельнік акцыі пратэсту 19 снежня 2010 года Уладзімір Кондрусь.

viberimage2-j5fsr

Фота nn.by

Адпушчаны з залы суда Кондрусь падзякаваў усім, хто яго падтрымліваў, пакуль ён знаходзіўся ў СІЗА, і заявіў, што ні пра што не шкадуе.

Родныя сустракалі асуджанага са слязамі на вачах. За час знаходжання пад вартай ён прыкметна схуднеў. „Пазней адкажу на ўсе пытанні ў „Фэйсбуку”, — сказаў ён на развітанне.

БелаПАН

* * *

Актывіста Уладзіміра Кондруся прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня 2010 года і асудзілі на паўтара года «хатняй хіміі» з прымусовым лячэннем і наглядам. Лячыць Кондруся будуць, бо экспертыза ўстанавіла ў яго псіхічны разлад асобы. Суд прызнаў, што абвінавачаны быў «часткова адэкватным» падчас свайго «злачынства» (маецца на ўвазе на Плошчы). Але лячэнне будзе праходзіць амбулаторна.

Кандрусю застаецца адбыць каля пяці месяцаў «хатняй хіміі» з улікам часу, праведзенага ў СІЗА.

Уладзімір Кондрусь — удзельнік Плошчы-2010, якога затрымалі праз 5 гадоў. На першым пасяджэнні Кондрусь дэманстратыўна паспрабаваў ускрыць вены. На другім — адмовіўся ісці ў залу суду. Пракурор Вольга Герасімовіч папрасіла прызнаць абвінавачанага «часткова адэкватным» і даць Кондрусю 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову з прымусовым наглядам і лячэннем. Суддзя Святлана Бандарэнка абвясціла прысуд мякчэйшы, чым прасіў пракурор. Суд вырашыў вызваліць Кондруся неадкладна. Адзначым, што суд адбываўся без удзелу падсуднага.

* * *

Сёння, 26-га снежня, у Маскоўскім судзе Менску адноўлены працэс над удзельнікам Плошчы-2010 Уладзімірам Кондрусем.

Жыхара Рудзенску абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках падчас акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 19-га снежня 2010 года.

Суд агучыў  пісьмовыя матэрыялы справы. Іх зачытала пракурор Вольга Герасімовіч.

Бацька Кондруся Уладзімір Расціслававіч ад дачы паказанняў адмовіўся. Маці Кондруся таксама скарысталася правам адмовіцца ад паказанняў.

Суд не стаў зачытваць паказанні Уладзіміра Кондруся, спаслаўшыся на тое, што Кондрусь адмовіўся даваць паказанні падчас следства.

Суд праходзіць вельмі хутка.

У спрэчках пракурор паўтарыла абвінавачванне, заявіла, што абцяжваючых абставін няма, а змякчальным з’яўляецца стан яго здароўя – псіхічнае засмучэнне, паведамляе tut.by.

Дзяржабвінаваўца не стала патрабаваць для Уладзіміра Кондруся пазбаўлення волі. З улікам яго псіхічнага засмучэнні і таго, што з падзеяў 19 снежня прайшло больш за 6 гадоў, пракурор запрасіла для Кондруся 3 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. У гэты тэрмін яна прапанавала залічыць час, які ён ужо правёў пад вартай з 14 чэрвеня (амаль 200 дзён) з разліку: адзін дзень папярэдняга зняволення роўны двум дням абмежавання волі. Меру стрымання пракурор папрасіла змяніць на падпіску аб нявыездзе, вызваліўшы яго з-пад варты.

Адвакат аспрэчыў кваліфікацыю падзеяў 19 снежня як масавых беспарадкаў, а дзеянні Кондруся як пагромы.

Прысуд абвесцяць сёння а 16-й гадзіне.

Нагадаем, што Уладзімір Кондрусь быў затрыманы ў чэрвені 2016 года, да гэтага ён удзельнічаў у шэрагу мірных пратэстаў.

Актывісту пагражае ад 3 да 8 гадоў зняволення. Праваабаронцы Беларусі прызналі Уладзіміра Кондруся палітвязьнем і патрабуюць ягонага вызвалення ды спынення крымінальнага перасьледу.

Беларускае Радыё Рацыя