Працягваецца зачыстка недзяржаўных грамадскіх арганізацый



Зачыстка недзяржаўных грамадскіх арганізацый працягваецца. Стала вядома, што на Піншчыне неўзабаве будуць ліквідаваныя, як найменей пяць структур – гэта аб’яднанні „Калегіум”, “Абарона жывёл”, “Садружнасць Палесся”, “Пчаляры Палесся” і “Каўчэг”.

Па словах старшыні Пінскай арганізацыі сацыял-дэмакратаў Веранікі Івановай, разгром грамадскага сектара магчыма параўнаць з паказальным расстрэлам:

– Паказальны расстрэл закладнікаў. Таму што сказаць, што гэта супакоіць палітычную сітуацыю ў краіне, ніякім чынам нельга. Тым больш недзяржаўныя арганізацыі не прымалі ўдзелу ні ў пратэстах, ні ў перадвыбарчай кампаніі. Зараз дыялог ідзе не столькі з апазіцыяй, колькі з заходняй грамадскасцю. І грамадскія арганізацыі граюць ролю закладніка, якога паказальна катуюць і расстрэльваюць у абмен на нежаданне даваць грошы.

Вядома, што ў пінскім рэгіёне працягваюцца праверкі дабрачынных фондаў, якія займаюцца дапамогай дзецям-сіротам, цяжкахворым і малазабяспечаным грамадзянам.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: nv-online.info