Праваабаронцы агучылі даклад па выніках мінулага года



Ніякіх сістэмных зменаў, накіраваных на якаснае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека, у Беларусі не адбылося. Пра гэта гаворыцца ў аналітычным аглядзе “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2016 годзе”. Даклад падрыхтаваны Праваабарончым цэнтрам „Вясна”.

stefanovich-1

Як адзначае намеснік старшыні цэнтра Валянцін Стэфановіч, на працягу года ў цэлым назіраўся працяг палітыкі так званых “мяккіх практык”, які пачаўся ў жніўні 2015 года:

– Нягледзячы на агульнае зніжэнне маштабаў рэпрэсій у краіне і працягу практыкі пазбягання разгону дэманстрацый, арышту іх удзельнікаў, тым не менш, кантроль над грамадствам уладамі заставаўся досыць высокім. На жаль, самае асноўнае расчараванне, якое мы тут адлюстравалі, – зменаў на ўзроўні зменаў у заканадаўстве на працягу 16-га года мы не ўбачылі.

Колькасць выпадкаў прыцягнення грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафаў у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання меркаванняў, у параўнанні з папярэднім годам, павялічылася амаль у сем разоў – адзначаецца ў дакладзе праваабаронцаў. З гэтага вынікае, што асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы ў Беларусі “заставаліся абмежаванымі на заканадаўчым роўні”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя