Праваабаронцы Беларусі заклікаюць ААН працягнуць мандат спецдакладчыка



Юрыст Праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч і дырэктарка Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава Ганна Герасімава з 30 траўня па 1 чэрвеня сустракаліся з дэлегатамі розных краінаў-сябраў Савета па правах чалавека ААН у Жэневе, каб праінфармаваць іх пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.  

Візіт быў арганізаваны Міжнароднай сеткай дамоў правоў чалавека пры супрацы Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH).

З 6 чэрвеня пачнецца 35-ая сэсія Савета ААН па правах чалавека, а 14 чэрвеня будзе прадстаўлены даклад цяперашняга спецыяльнага дакладчыка – Міклаша Харасці, які ўжо чарговы раз быў раскрытыкаваны Міністэрствам замежных спраў Беларусі. Пасля чаго ў Савеце павінна адбыцца галасаванне па працягненню мандату спецдакладчыка ААН па Беларусі.

“Падчас сустрэч мы даводзілі сваю пазіцыю, што для краіны неабходна працягнуць мандат спецдакладчыка. Сітуацыя ў Беларусі на жаль не палепшылася, а нават значна пагоршылася на працягу сакавіка, красавіка і траўня гэтага года. І ўлады вярнуліся да больш жорсткіх формаў рэпрэсій у дачыненні да грамадзянаў”, – распавёў Валянцін Стэфановіч.

На думку праваабаронцы, мандат важны яшчэ і таму, што Беларусь знаходзіцца па-за рэгіянальнай сістэмай абароны правоў чалавека – наша краіна не ўваходзіць у Савет Еўропы. Адпаведна, адзіны міжнародны механізм, які магчыма выкарыстоўваць, – гэта ААН.

spring96.org