Праваабаронцы Марфе Рабковай прад’явілі новыя абвінавачанні
Праваабаронцы “Вясны” Марфе Рабковай прад’явілі новыя абвінавачанні. Цяпер ёй пагражае да 12-ці гадоў пазбаўлення волі.
Першапачаткова Марфу вінавацілі ў частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне ды іншая падрыхтоўка масавых беспарадкаў). Зараз жа дадалі частку 2 артыкула 285 (удзел у злачыннай арганізацыі) і частку 3 артыкула 130 (распальванне варожасці ў дачыненні да іншай сацыяльнай групы, здзейсненае групай асобаў). Усё гэта супала з дэманстрацыяй па СТВ (нацыянальным тэлебачанні) сюжэта пад назвай “Траціл пратэста”. Там нібы раскрываецца дзейнасць тэрарыстычнай групы, у якой нібы ўдзельнічала Марфа Рабкова.
Гэтам самым дзяржава спрабуе ачарніць дзейнасць усяго праваабарончага цэнтра “Вясна”, лічыць яго прадстаўнік Валянцін Стэфановіч:
– Яны маюць на мэце акрамя пераследу Марфы яшчэ і дыскрэдытацыю, ачарненне “Вясны”, прывязкі яе да нейкай тэрарыстычнай, міфічнай дзейнасці. Я б сказаў, што гэта ўсё вартае жалю. Бо “Вясна” – гэта ўплывовая і сусветна вядомая праваабарончая арганізацыя. І яе дыскрэдытаваць нейкім чынам, прывязаць да нейкай, я ўпэўнены, – неіснуючай злачыннай арганізацыі і тэрарыстычнай дзейнсці, гэта папросту не ўдасца.
Нагадаем, праваабаронцу “Вясны” Марфу Рабкову затрымалі 17 верасня 2020 года. З гэтых часоў яна знаходзіцца ў СІЗА.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота з сацыяльных сетак