Праваабаронцы паведамляюць пра новыя факты пераследу



У Беларусі працягваецца пераслед актыўных людзей на палітычна матываваных падставах, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org і выкладае новыя факты націску на грамадзян.

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, у Менску затрыманы Максім Субач — музыкант гурту TonqiXod і член ініцыятыўнай групы былога банкіра Віктара Бабарыкі, не зарэгістраванага кандыдатам у прэзідэнты.

Час і абставіны яго затрымання праваабаронцам пакуль невядомыя. Разам з тым, паводле звестак намесніка старшыні Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяны Нядбай, апошні раз Субач выходзіў на сувязь у нядзелю, 19 ліпеня, прыблізна ў 23.00. Вядома, што да гэтага ён быў на перадвыбарным мітынгу кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у сталічным парку Дружбы Народаў.

Са спасылкай на УУС Цэнтральнага раёна Менска праваабаронцы паведамляюць, што Субач затрыманы на падставе арт 17.1 КоАП (дробнае хуліганства) і дастаўлены ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Зараз высвятляецца, ці адбыўся ўжо суд.

Праваабаронцы таксама паведамляюць, што 21 ліпеня міліцыя затрымала ўдзельнікаў тэлеграм-канала „Армія з народам” Сяргея Коршуна і Сяргея Лук`янава, у апошняга праходзіць вобшук. 29 чэрвеня супрацоўнікі міліцыі ўжо затрымлівалі Лук`янава, як паведамляецца, у сувязі са згаданым тэлеграм-каналам, на наступны дзень яго аштрафавалі на 1.350 рублёў за непадпарадкаванне міліцыі і абразу службовай асобы.

24 ліпеня ў сталічнае ўпраўленне Следчага камітэта выкліканая Яна Цягалка, якая нібыта адправіла абразлівае паведамленне супрацоўніку ДАІ. Апошні жорстка затрымліваў удзельнікаў „Ланцуга салідарнасці” 20 чэрвеня ў Ганцавічах (Брэсцкая вобласць). Па факце паведамлення праводзіцца праверка.

У Гомелі, як паведамляюць праваабаронцы, супрацоўнікі ДАІ спынілі журналістку-фрылансара Ларысу Шчыракову, якая ехала на суд над актывістам за ўдзел у акцыі на Дзень Незалежнасці. Ад яе патрабавалі праехаць у аддзяленне міліцыі. Праваабаронцы звярнулі ўвагу на тое, што сёння абласны цэнтр наведвае Аляксандр Лукашэнка.

У Вілейцы (Менская вобласць) работнік аддзела ЖКГ райвыканкама склала ў дачыненні да актывіста Андрэя Кудзіка адміністрацыйны пратакол за парушэнне правілаў карыстання жылым памяшканнем (ч. 1 арт. 21.16 КоАП). Падставай стала выяўленае мясцовай міліцыяй відэа ў тэлеграм-канале „Вілейка для жыцця”, апублікаванае ў Дзень Незалежнасці, на якім Кудзік, як вынікае з пратакола, „пад гучную музыку стукае невядомым прадметам па вечку каструлі, якую трымае ў руках”.

Праваабаронцам стала вядома, што 22 ліпеня Кудзіка зноў выклікаюць у аддзел ЖКГ, як мяркуецца, для складання новага пратакола.

by.belapan.by