“Праваабаронцы за свабодныя выбары” абвінавачваюць улады ў масавых фальсіфікацыях



У сталічным Прэс-цэнтры адбылася прэсавая канферэнцыя грамадзянскай кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, прысвечаная хадзе і вынікам выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы 28 склікання.

Назіранне кампанія праводзіла на 102-х выбарчых участках краіны сіламі 29 доўгатэрміновых назіральнікаў з юрыстаў ды аналітыкаў. А таксама дзясяткаў валанцёраў Праваабарончага цэнтра “Вясна” і Беларускага Хельсінкскага камітэта. 

Прэсавую канферэнцыю вялі Уладзімір Лабковіч ад  “Вясны” і Алег Гулак ад БХК. Яны прааналізавалі парушэнні на ўсіх стадыях выбарчага працэсу – ад збору подпісаў за будучых кандыдатаў да праблем з правядзеннем вулічных масавых сходаў і стварэння ўласных выбарчых фондаў. Але асноўнае – пра фальсіфікацыі падчас падліку галасоў і ўвогуле ў дзень выбараў. Былі пададзеныя графікі неадпаведнасці прысутнасці ў камісіях прадстаўнікоў уладаў і апазіцыйных партый. Гаварылася пра праславутыя “каруселі” – усё на падставе сабранай па краіне фактуры.

На светлавым табло Прэс-цэнтра ўвесь час вісела выніковая выснова кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, якую журналісты ахрысцілі прысудам існуючай выбарчай сістэме –   “Выбары дэпутатаў у мясцовыя саветы… не адпавядалі шэрагу міжнародных стандартаў правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў”.

Больш падрабязна слухайце ў далучаным гукавым файле:

Віталь Сямашка,  Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара