Праваабаронцы звярнуліся ў пракуратуру, КДБ і МУС з нагоды знікнення Юліі Чарняўскай
Праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з заявай і заклікалі ўлады паведаміць сваякам і грамадскасці, дзе цяпер знаходзіцца Юлія Чарняўская, і пусціць да яе адваката.
У заяве гаворыцца: „Да цяперашняга часу тэлефонны нумар Юліі Чарняўскай не адказвае, яна не знаходзіцца па месцы жыхарства. Няма афіцыйнай інфармацыі ад прадстаўнікоў праваахоўных органаў пра месцазнаходжанне і працэсуальны статус Юліі Чарняўскай”.
Праваабарончыя арганізацыі прапануюць:
– неадкладна праінфармаваць блізкіх сваякоў (дачку і маці) пра месцазнаходжанне ва ўстановах (у тым ліку медыцынскіх) сістэмы МУС ці КДБ, стан здароўя і працэсуальны статус Чарняўскай Юліі Вісарыёнаўны;
– пры знаходжанні Юліі Чарняўскай ва ўстановах (у тым ліку медыцынскіх) сістэмы МУС ці КДБ – неадкладна забяспечыць доступ да прававой дапамогі і дапусціць адваката;
– у пазбяганне здагадак – інфармаваць СМІ і грамадскасць афіцыйным прэс-рэлізам.
Заяву накіравалі кіраўнікам Генпракуратуры, КДБ і МУС.
Нагадаем, што сувязь з Юліяй Чарняўскай знікла раніцай 18 траўня, калі пачалася аблава на Tut.by і звязаных з ім людзей. Пазней стала вядома, што Чарняўская была пад канвоем міліцыянтаў у шпіталі, яна перанесла гіпертанічны крыз.
Юлія Чарняўская — удава заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера, які памёр летась 17 траўня.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Уладзімір Чурносаў
