Правацэнтрысцкая кааліцыя пачынае падрыхтоўку да парламенцкіх выбараў



Правацэнтрысцкая кааліцыя пачынае падрыхтоўку да парламенцкіх выбараў, паведаміў БелаПАН кіраўнік руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч.

„Прынятае рашэнне аб фармаванні агульнага спіса і ўзгодненай пазіцыі падчас парламенцкай кампаніі”, — сказаў ён.

Паводле слоў Губарэвіча, сумесна кааліцыя гатовая выставіць па кандыдаце на кожную са 110 выбарчых акругаў. У правацэнтрысцкую кааліцыю акрамя „За Свабоду” ўваходзяць аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП).

Рух „За Свабоду” мае намер вылучыць сваіх кандыдатаў праз збор подпісаў, аднак не выключае фармавання спіса з АГП.

„Канчатковы спіс кандыдатаў падрыхтуем на працягу некалькіх месяцаў. У нас ужо ёсць папярэдні — гэта тыя, хто працаваў на папярэдніх выбарах, і маладыя людзі, якія прыйшлі ў апошнія гады і хочуць выпрабаваць свае сілы. Мы будзем выбіраць па наяўнасці патэнцыялу і сваёй каманды”, — растлумачыў кіраўнік руху.

Сам Губарэвіч плануе абірацца ў Мінску. Таксама ў сталіцы ад руху „За Свабоду” на выбары вылучацца Віктар Янчурэвіч і Мікіта Семяненка.

„У рэгіёнах таксама ёсць з каго выбіраць, гэтыя людзі не сядзелі ад выбараў да выбараў, а працавалі штодня па мясцовых праблемах”, — адзначыў суразмоўца.

Згодна з заканадаўствам выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў павінны прайсці не пазней за 10 верасня 2020 года. Падчас штогадовага паслання народу і парламенту 19 красавіка Аляксандр Лукашэнка прапанаваў іх правесці 7 лістапада 2019 года. „Калі гэта прымальнае паводле закона, у нас ёсць добрае свята — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, 7 лістапада, выхадны дзень”, — сказаў ён.

Аднак старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ў інтэрв’ю БелаПАН паведаміла, што камісія будзе прапаноўваць Лукашэнку прызначыць выбары ў парламент 17 лістапада.

Пры гэтым яна заявіла, што правядзенне парламенцкіх выбараў не будзе лічыцца датэрміновым, нягледзячы на істотнае скарачэнне тэрміну паўнамоцтваў дэпутатаў шостага склікання. Ярмошына звярнула ўвагу на тое, што „ў Канстытуцыі ідзе гаворка не пра датэрміновыя выбары, а пра датэрміновае спыненне паўнамоцтваў парламента”. Артыкул 94 Асноўнага закона абвяшчае, што паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў могуць быць датэрмінова спыненыя пры адмове ў даверы ўраду, выражэнні вотуму недаверу ўраду або двухразовай адмове ў даванні згоды на прызначэнне прэм’ер-міністра.

„Артыкул прадугледжвае падставы для датэрміновага спынення паўнамоцтваў парламента, але гэта з’яўляецца спецыяльным актам. Гэта значыць, прэзідэнт павінен прыняць рашэнне, за пэўны тэрмін пракансультавацца з кіраўнікамі палат парламента і выдаць указ аб спыненні яго паўнамоцтваў. Нічога падобнага ў нас няма. Ніякага датэрміновага спынення паўнамоцтваў парламента не адбываецца. Але выбары, сапраўды, праходзяць раней за тэрмін”, — сказала Ярмошына.

belapan.by