Правацэнтрысты рыхтуюцца да мясцовых выбараў



Правацэнтрысцкая кааліцыя працягвае падрыхтоўку да мясцовых выбараў  2018 года і пачынае рыхтавацца да прэзідэнцкай кампанні, якая павінна адбыцца ў 2020 годзе, – заявіў кіраўнік Руху „За свабоду” Юрась Губарэвіч. Па яго словах, у сваёй дзейнасці сябры кааліцыі плануюць абапірацца на вынікі пратэстных акцый сёлетняй вясны.

Тады тысячы людзей пратэставалі супраць збяднення і  неадэкватнай сацыяльна – эканамічнай палітыкі, якая прыводзіць да таго, што ўлада залазіць у кішэні грамадзянаў, якія і так пустыя, – сказаў Губарэвіч.

– Плануем працягваць сустрэчы ў рэгіянальных гарадах. Выходзіць на людзей, якія магчыма ўпершыню далучыліся да масавых публічных пратэстаў, адчулі сваю моц, пазбавіліся страху. Зараз для нас самая важная задача – арганізаваць гэтых людзей, далучыць іх да дзейнасці структур правацэнтрысцкай  кааліцыі. Мы разлічваем на прыток новых кандыдатаў на мясцовыя выбары 2018 года, у тым ліку за кошт лідараў пратэстаў рэгіянальных гарадоў.

У планах правацэнтрысцкай кааліцыі вылучэнне і падрыхтоўка каля 300 кандыдатаў на мясцовыя выбары па ўсёй Беларусі. Таксама правацэнтрысты плануюць актыўна ўдзельнічаць у кампаніі назірання „Права выбару”, каб прадухіляць парушэнні падчас выбараў. Галоўнай задачай на прэзідэнцкія выбары 2020 году для правацэнтрысцкай кааліцыі і ўсёй дэмакратычнай апазіцыі з’яўляеццца максімальнае аб’яднанне, – сказаў Юрась Губарэвіч.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя