Правацэнтрысты рыхтуюцца да мясцовых выбараў
Лідары Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі, Руху „За Свабод” і Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, якія складаюць кааліцыю, на сумеснай прэс-канферэнцыі паведамілі пра свае планы на наступны год.
Адной з галоўных мэтаў правацэнтрыстаў будзе барацьба за ўнясенне зменаў у выбарчае заканадаўства, што будзе тычыцца як мясцовых, гэтак і парламенцкіх выбараў, – кажа старшыня АГП Анатоль Лябедзька:
– Маем амбіцыі ўсё ж такі стварыць вялікую кааліцыю па галоўныму пытанню – вярнуць людзям права выбару. Першым крокам да гэтага можа быць змена выбарчага заканадаўства. Тут правацэнтрысцкая кааліцыя бярэ на сябе ініцыятывы і арганізоўвае гэтую працу. Ужо ёсць рабочая група. І на веснавую сесію будзе вынесены закон аб унясенні зменаў у выбарчае заканадаўства.
Лябедзька зазначыў таксама, што рашэнне беларускіх праблем знаходзіцца ўнутры Беларусі і вырашаць яе беларусам, таму трэба імкнуцца да стварэння шырокай кааліцыі дэмакратычных сіл. Разам з тым правацэнтрысты перакананыя, што без міжнароднай падтрымкі некаторыя праблемы вырашаць будзе даволі складана.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя