Правядзенне Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць адклалі



Арганізатары Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць паведамілі, што яго правядзенне перанесена прыкладна на 2 месяцы.

Як распавёў на брыфінгу ў Менску  сустаршыня аргкамітэту кангрэсу Ігар Рынкевіч, сябры аргкамітэту прынялі заяву, у якой падкрэслілі, што кангрэс абавязкова адбудзецца, таму што небяспека для незалежнасці, суверэнітэту і дэмакратыі ў Беларусі застаецца:

– З улікам таго, што зараз у Расеі адбываецца канстытуцыйны пераварот, гэтыя працэсы сінхранізуюцца з беларускімі. У прыватнасці, рыхтуюцца змяненні ў Канстытуцыю. Таксама не знята з павесткі дня пытанне інтэграцыі, у тым ліку еўразійскай інтэграцыі. Таму застаецца актуальным правядзенне Кангрэсу за незалежнасць. Мы вырашылі правесці яго трошкі пазней. Зараз мараторый улады зрабілі на міжнародныя мерапрыемствы. Таму замежныя дэлегаты, дэлегаты ад беларускай дыяспары, не могуць прыехаць.

Па словах Алены Крушэўскай, міжнароднага сакратара кангрэсу, аргкамітэт спрабуе наладзіць узаемаадносіны з расейскай апазіцыяй. „Мы выказалі салідарнасць з арганізатарамі і ўдзельнікамі Марша Барыса Нямцова, які адбыўся 29 лютага ў Маскве”, – кажа Алена Крушэўская:

– Вырашылі разам з сябрамі аргкамітэту кангрэсу запрасіць чатырох буйных асобаў з расейскай апазіцыі: арганізатара Марша Нямцова 29 лютага Кірыла Ганчарова, які прадстаўляе Федэральнае бюро партыі “Яблык”, Жану Нямцову, якая з’яўляецца чальцом Фонда імя Барыса Нямцова, Уладзіміра Кара-Мурзу, які прадстаўляе фонд “Адкрытая Расея”, а таксама Любоў Собаль, якая прадстаўляе фонд па барацьбе з карупцыяй Аляксея Навальнага.

Таксама працягваюццы кантакты з патэнцыйнымі партнёрамі ў іншых краінах, – кажа Алена Крушэўская. Па яе словах, у свядомасці шмат якіх прадстаўнікоў беларускай дыяспары адбываюцца ў апошні час цікавыя змены. Некаторыя яе прадстаўнікі выходзілі на мерапрыемствы ў падтрымку незалежнасці Беларусі ў снежні 2019 года, калі кіраўніцтва Расеі брутальна прымушала Беларусь да паглыбленай інтэграцыі.

Дата правядзення Кангрэсу за незалежнасць будзе вызначацца з улікам таго, што 19 траўня ў Менску запланаваны Еўразійскі эканамічны форум з удзелам кіраўнікоў краінаў, сябраў гэтага аб’яднання. І відавочна, што Уладзімр Пуцін працягне даціскаць Аляксандра Лукашэнку па пытаннях паглыблення інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве. Таму кангрэс неабходна правесці да сярэдзіны траўня, – падкрэслівае Ігар Рынкевіч.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота belapan.by