Правядзенне святочных мерапрыемстваў у Слуцку пад пагрозай



Правядзенне мерапрыемстваў у гонар чарговай гадавіны Слуцкага збройнага чыну ў гэтым годзе можа не адбыцца. Менскі абласны і Слуцкі райвыканкамы адмовілі Партыі БНФ у праведзенні мітынгу ў Слуцку.

У той жа час хаця Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ і атрымала такі дазвол, але разам з ім вылучаны патрабаванні, якія ставяць правядзенне мерапрыемства пад пагрозу, – лічыць намеснік старшыні гэтай партыі Юрась Беленькі:

– Мы атрымалі стандартны ліст, што нам дазволена, але трэба заплаціць і заключыць дамовы. Прычым парадак аплаты не прапісаны, што ёсць прамая норма дзеючага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, таму мы зноў рызыкуем патрапіць у сур’ёзную сітуацыю, як мы патрапілі з правядзеннем Дзядоў, і мы напісалі ліст у абласны выканаўчы камітэт  с просьбай не браць з нас плату.

Юрась Беленькі падкрэсліў, што раней улады ніколі не патрабавалі грошай за правядзенне мерапрыемства ў гонар Слуцкага паўстання 1920 году. Таксама адбылася замена заяўніка мерапрыемства. Юрась Беленькі, як арганізатар дэманстрацыі і мітынгу на „Дзяды”, зараз знаходзіцца пад судовым пераследам і па заканадаўстве не можа быць адказным за правядзенне новага мерапрыемства. Таму ўправа партыі прызначыла новага адказнага – Уладзіміра Юхо, аб чым паведаміла ў Менскі абласны выканкам. Але адказаў пакуль няма. Таму сітуацыя знаходзіцца ў нявызначаным стане, – канстатаваў Юрась Беленкі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя