Празрысты падлік галасоў: пыл у вочы?



Старшыня АГП Анатоль Лябедзька пракаментаваў змены ў Выбарчым заканадаўстве, якія датычыцца падліку галасоў.

Анатоль Лябедзька

Нагадаем, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына распавяла пра змены ў Выбарчым заканадаўстве. Адна з прапаноў датычыцца павышэння празрыстасці пры падліку галасоў.

Са слоў Ярмошынай, увесь падлік бюлетэняў будзе праводзіцца на адным баку стала. Назіральнікі будуць мець поўную магчымасць бачыць працэс падліку галасоў. Акрамя таго, назіральнікам будзе прадастаўляцца інфармацыя, якая не прадугледжана арт. 13 Выбарчага кодэкса, напрыклад, звесткі пра колькасць выбаршчыкаў, звесткі пра колькасць прагаласаваўшых выбаршчыкаў. Міжнародныя назіральнікі будуць дапушчаныя ў акруговыя камісіі пры прыёмцы пратаколаў ад участковых камісій. Анатоль Лябедзька: Я думаю, што на словах будзе мякка, а на практыцы – як заўсёды жорстка. Мы ўчора сустракаліся з парламенцкай дэлегацыяй Венгрыі, яны таксама дапытваліся, наколькі ў Беларусі можна змяніць Выбарчы закон. Натуральна, можна, але пры наяўнасці палітычнай волі. Калі мы вялі размову пра падлік галасоў, венгры падзяліліся сваім досведам. У іх наглядальнік мае такія ж правы, як і чалец камісіі. Ён можа бачыць кожны бюлетэнь, залезці ў стос і паглядзець, ці так гэта альбо не так. Там насамрэч свабодны і празрысты падлік галасоў.

РР: Аднак, як кажуць, вернемся да беларускага выбарчага заканадаўства. Ці з’явіцца эфект ад таго, што “падлік галасоў будзе праводзіцца на адным баку стала”?

Анатоль Лябедзька: У нас, мяркую, зараз проста ідзе рыторыка і забоўтванне сітуацыі. Можна зрабіць высновы, калі, напрыклад, Цэнтрвыбаркам выдасць інструкцыю, у якой будзе дакладна прапісана, што кожны бюлетэнь будзе агучвацца і паказвацца такім чынам, што яго будуць бачыць усе чальцы камісіі і наглядальнікі. Калі гэта будзе здзейснена, то можна тады і сказаць, што зроблены сапраўды важны крок па дэмакратызацыі выбарчага працэса. Пакуль жа чуваць толькі “бла-бла-бла” з вуснаў людзей, якія ўжо “адзначыліся” на папярэдніх выбарах. А “бла-бла-бла” – гэта для вушэй тых жа венграў і іншых еўрапейцаў, каб яны расцвіталі ад такіх слоў. Усе гэтыя заявы разлічаны не на рэальныя перамены ўнутры, а для вушэй еўрапейцаў і амерыканцаў, ад якіх беларуская ўлада хоча аднаго – грошай, грошай і яшчэ раз грошай.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]