Прэм’ер-міністр Турцыі наведае Беларусь 14—15 лютага
Прэм’ер-міністр Турцыі Біналі Йылдырым зробіць афіцыйны візіт у Беларусь, паведаміла турэцкае агенцтва „Анадолу” са спасылкай на канцылярыю турэцкага ўрада.
У рамках візіту, намечанага на 14—15 лютага, прэм’ер Турцыі правядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, сустрэнецца з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым. Перамовы пройдуць у фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе.
У праграму візіту Йылдырыма ўключаны таксама сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаілам Мясніковічам і спікерам Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам.
У рамках візіту плануецца падпісаць шэраг пагадненняў.
Чакаецца, што Йылдырым прыме ўдзел у бізнес-форуме „Турцыя — Беларусь”, наведае ў Менску мячэць, пабудаваную пры падтрымцы Турцыі, а таксама будзе прысутнічаць на таварыскім матчы па хакеі паміж дзвюма нацыянальнымі зборнымі.
Гэта першы візіт турэцкага прэм’ер-міністра ў Беларусь. Прэм’ер-міністры Беларусі наведвалі Турцыю ў 2014 і 2015 гадах. БелаПАН