Прэс-сакратар Лукашэнкі: У свеце можа ўзнікнуць запыт на дыктатуру



Прэс-сакратар прэзідэнта Беларусі Наталля Эйсмант не выключае, што ў свеце „можа ўзнікнуць запыт на дыктатуру”. Пра гэта яна заявіла ў праграме „Маркаў. Нічога асабістага” ў эфіры тэлеканала ОНТ увечары 7 сакавіка.

Вядучы праграмы Марат Маркаў, кажучы пра нядаўнюю „Вялікую размову з прэзідэнтам”, адзначыў, што журналісты з недзяржаўных СМІ „дастаткова вольна паводзілі сябе на гэтым мерапрыемстве, мелі магчымасць задаць любое пытанне”. „Яны нават спрабавалі перарываць прэзідэнта. А дзе ж тут дыктатура?” — пацікавіўся ён.

„Дыктатура” — вельмі цікавае слова на сённяшні дзень, яно так па-рознаму ўспрымаецца, — адказала Эйсмант. — Мы гэтае слова сапраўды ўжываем, і ў зусім розных ўжо сэнсах, часам — з такім сатырычным акцэнтам. А часам мне здаецца, што вось сёння , у 2019 годзе, слова „дыктатура” ўжо часам набывае нейкае пазітыўнае адценне”.

„Мы бачым, што адбываецца вакол, мы бачым хаос, часам беспарадак, — працягнула прэс-сакратар Аляксандра Лукашэнкі. — І ведаеце, часам мне здаецца, што не сёння дык заўтра ў свеце можа ўзнікнуць запыт на дыктатуру. Таму што за дыктатурай у нашым сённяшнім разуменні найперш мы бачым парадак, дысцыпліну і абсалютна нармальнае, спакойнае жыццё. Што казаць, мне здаецца, ужо мы так часта вымаўляем гэтае слова, што дыктатура — гэта ўжо наш брэнд”.

Расказваючы пра падрыхтоўку „Вялікай размовы з прэзідэнтам”, прэс-сакратар адзначыла, што пытанні і тэмы ніяк не адбіраліся. „Гэтага няма і быць не можа. Калі б я адбірала пытанні і тэмы, мне прэзідэнт проста галаву б адкруціў. Гэта груба, але гэта праўда, нягледзячы на тое што зараз адбываецца, — сказала Эйсмант. — Я вельмі шмат зараз чытаю, пасля гэтага мерапрыемства: рэжысура, сцэнар… Вось вы былі там, Марат Сяргеевіч, няўжо ў аб’ектыўнага чалавека можа скласціся ўражанне, што там было нешта зрэжысаванае? Асабіста мне было б нашмат прасцей, калі б гэта было зрэжысаванае і быў сцэнар. Але гэтага ў нашых рэаліях проста не можа быць. Я не ведала, пра што спытаюць дзяржаўныя журналісты, нашых цэнтральных СМІ, не кажучы ўжо пра апазіцыйныя”.

Эйсмант таксама заўважыла, што пасля „Вялікай размовы” „адбываюцца самыя розныя гісторыі”. „У інтэрнэце разгарнулася бойка. Быццам бы апазіцыйныя журналісты павінны былі задаць адно пытанне з нагоды нейкай справы (мяркуючы па ўсім, маецца на ўвазе так званая справа БелТА.), але не задалі. І разгарнулася нейкая наогул бойка: а хто павінен быў, а хто не павінен быў. Прысутнічаў адзін журналіст, які сем з паловай гадзін прасядзеў дастаткова пасіўна, вельмі ўважліва слухаў, нядрэнна рэагаваў, але не падаў мне за ўвесь гэты час ніводнага сігналу. А цяпер дзіўным чынам ён паўсюль расказвае і піша, што ён падаваў мне сігналы, а я не дала яму слова, але ён збіраўся менавіта гэтае пытанне задаць. Ну што сказаць пасля гэтага? Бог ім суддзя. Але не толькі Бог, але і закон аб СМІ, вядома”, — дадала Эйсмант.

Яна заявіла, што журналісты на такія мерапрыемствы запрашаюцца „згодна з адным простым прынцыпам — найбольш рэзанансныя і найбольш чытаныя інтэрнэт-выданні і друкаваныя і, вядома, цэнтральныя СМІ тэлевізійныя”. „Такія — нашы пастаянныя ўдзельнікі нашых такіх мерапрыемстваў”, — сцвярджае Эйсмант. Пры выбары замежных журналістаў і экспертаў арганізатары кіраваліся меркаваннем МЗС, дадала яна.

„Мы запрашаем вельмі шырокае кола да ўдзелу. Думаю, што гэта немагчыма было не заўважыць, — сказала прэс-сакратар. — Для таго каб адбыўся дыялог, патрэбен спектр меркаванняў. Вельмі важна, каб людзі — прыхільнікі яны ці праціўнікі, — каб яны чулі. І вельмі важна чуць на свае вушы, важны наўпросты кантакт. Ведаеце, усё роўна ж ёсць такая надзея, што вось гэтыя людзі, калі яны пачулі кіраўніка дзяржавы па асноўных пытаннях, а магчыма, гэты чалавек наступным разам, калі будзе пісаць той ці іншы загаловак, ён задумаецца, і, вырываючы [словы] з кантэксту, у яго, можа, здрыганецца нейкі нерв”.

Нагадаем, на „Вялікай размове з прэзідэнтам”, якая адбылася 1 сакавіка ў сталічным комплексе „Белэкспа”, прысутнічалі прадстаўнікі прыблізна 50 айчынных і замежных СМІ. У іх ліку былі супрацоўнікі беларускіх недзяржаўных газет „Народная воля”, „Комсомольская правда” в Белоруссии”, „Прессбол”, „Аргументы и факты”, інтэрнэт-парталаў tut.by, nn.by, onliner.by і kraj.by.

На мерапрыемства таксама запрашалася інфармацыйная кампанія БелаПАН. Першапачаткова планавалася, што прадстаўнік кіраўніцтва кампаніі будзе акрэдытаваны непасрэдна на сустрэчу з прэзідэнтам, а журналіст — у прэс-цэнтр „Белэкспа”. Затым планы арганізатараў памяняліся: яны папрасілі „панізіць узровень прадстаўніцтва да карэспандэнта або аглядальніка”. Тым не менш міжнародны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова, заяўленая рэдакцыяй, не была акрэдытаваная на сустрэчу без тлумачэння прычын. Прадстаўнік БелаПАН змог працаваць толькі ў прэс-цэнтры.

Аналагічныя просьбы арганізатараў — „панізіць узровень прадстаўніцтва” — атрымалі таксама tut.by і nn.by. У выніку галоўныя рэдактары гэтых СМІ на сустрэчу з прэзідэнтам не трапілі. Характэрна, што такая просьба не закранула дзяржаўныя СМІ, кіраўніцтва якіх прысутнічала на мерапрыемстве ў поўным складзе.

belapan.by