Прэс-сакратар Пуціна: Менск не даў ніякіх доказаў умяшання Масквы ў беларускія выбары



 Расея не збіраецца ўмешвацца ў прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. Такім чынам ён пракаментаваў сённяшняе выказванне Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што „найбліжэйшым часам” той збіраецца абмеркаваць з Уладзімірам Пуціным уплыў „лялькаводаў” з Расеі на перадвыбарныя працэсы ў Беларусі.

„Тут можна адказаць адназначна, што Расейская Федэрацыя ніколі не ўмешвалася, не ўмешваецца і не збіраецца ўмешвацца ў чые б там ні было электаральныя працэсы, тым больш у электаральныя працэсы, якія праходзяць у нашага саюзніка Беларусі”, — цытуе Пяскова РИА Новости.

Пры гэтым ён адзначыў, што Менск не даў ніякіх доказаў умяшання Масквы ў выбары. Гэта прымушае задумацца, „наколькі могуць адпавядаць рэчаіснасці падобныя абвінавачанні”, падкрэсліў Пяскоў.

Паводле яго слоў, напярэдадні Пуцін і Лукашэнка, які наведаў Маскву для ўдзелу ў парадзе Перамогі, змаглі коратка пагутарыць у кулуарах. Яны „працягнуць свой дыялог, размаўляюць яны часта і змястоўна”, дадаў прэс-сакратар.

Пяскоў таксама нагадаў, што з боку Лукашэнкі было „вельмі шмат добрых заяў” пра Расею.

25 чэрвеня, прымаючы кадравыя рашэнні, Лукашэнка адказаў апанентам улады, якія сумняваюцца ў адкрытасці выбараў. „Яны што, нас штурхаюць на несумленнасць такую, як яны сябе паводзяць? Ясна, што там за імі лялькаводы стаяць. Яны і з аднаго, і з другога боку. І ў Польшчы жывуць, і з Расеі падкідаюць. Мы пра гэта з прэзідэнтам Пуціным пагаворым найбліжэйшым часам пры сустрэчы, але гэтая сітуацыя вельмі складаная. Прымяняюцца самыя сучасныя фальшывыя тэхналогіі, ідзе ўмяшанне з-за мяжы ў нашы выбары, унутраныя справы”, — сказаў ён.

belapan.by

Фота ТАСС